З малітвай, верай і ўдзячнасцю

Важнае Грамадства

У дзень памяці іконы Божай Маці “Знаменне” ў храме святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у горадзе Дзятлаве адбылося ўрачыстае набажэнства ў гонар 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях і 30-годдзя адраджэння Навагрудскай епархіі.

Боскую літургію ўзначаліў сакратар Навагрудскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Дзмітрый Сёмуха пры ўдзеле святароў дзятлаўскага благачыння.

У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, сілавых структур, арганізацый Дзятлаўшчыны, прыхаджане храма.

– Літургія, якую мы сёння здзяйсняем, у перакладзе з грэчаскай мовы называецца “Падзяка”. І сёння мы дзякуем Богу за тое, што маем магчымасць маліцца і будаваць храмы, устанаўліваць крыжы і тым самым сведчыць аб тым, што мы – праваслаўныя хрысціяне, – адзначыў у сваёй пропаведзі благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель. – Дзякуй Богу, што блаславіў нашы намеры і дапамог ажыццявіць планы.

Ён узгадаў, што ў юбілейны год сіламі праваслаўных вернікаў пры фінансавай падтрымцы раённага бюджэту і арганізацый нашага раёна на Дзятлаўшчыне было зроблена нямала добрых справаў у славу Божую: быў праведзены касметычны рамонт храма, усталяваны паклонны крыж у Дзятлаве, узведзены памятны юбілейны знак у аграгарадку Раклевічы, праведзены рамонт у некаторых цэрквах дзятлаўскага благачыння.

Па блаславенні Гурыя арцыбіскупа Навагрудскага і Слонімскага ў сувязі з 1030-годдзем Праваслаўя на Беларусі, 30-годдзем адраджэння Навагрудскай епархіі і 5-годдзем з дня асвячэння храма святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у горадзе Дзятлаве высокімі царкоўнымі ўзнагародамі былі адзначаны дзятлаўчане, якія зрабілі вялікі ўклад у справу служэння Богу і Праваслаўнай Царкве. Іх уручыў протаіерэй Дзмітрый Сёмуха. Юбілейным медалём “1030-годдзе Праваслаўя на беларускіх землях” былі ўзнагароджаны іерэй Аляксей Сцепановіч, педагогі Наталля Вайцяхоўская, Вера Грачова, Марыя Маленчык, старшыня КСУП “Войневічы” Сяргей Францішчык, медалём прападобнага Елісея Лаўрышаўскага – дырэктар РУП “Беларуснафта – Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык. Архіерэйскай падзякай былі адзначаны намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, начальнік АУС райвыканкама Аляксандр Біль , начальнік РАНС Сяргей Казушчык, дырэктар РУП ЖКГ Васіль Пяцюк, начальнік філіяла СГФ “АграМілк” Аляксандр Грынкевіч, а таксама прыхаджане храма.

Пасля завяршэння боскай літургіі былі здзейснены малебен і асвячэнне паклоннага крыжа ў горадзе Дзятлаве.

– Мабыць, нельга прыдумаць лепшага месца ў Дзятлаве для ўсталявання паклоннага крыжа. Святыня будзе сустракаць усіх, хто ўязджае ў горад або праязджае праз яго, асяняючы іх блаславеннем Божым, – адзначыў протаіерэй Дзмітрый Сёмуха. – Таксама невыпадкова, што манумент паўтарае абрысамі славуты крыж Ефрасінні Полацкай, нагадваючы вернікам аб юбілеі хрысціянства ў Беларусі.

У аграгарадку Раклевічы святароў дзятлаўскага благачыння і гасцей раёна з нецярпеннем чакалі мясцовыя жыхары, работнікі СГФ “АграМілк”. Старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі разам з землякамі сустрэў Дзмітрыя Сёмуху традыцыйным караваем, кветкамі і словамі ўдзячнасці за клопат аб дзятлаўскай зямлі. Усе прысутныя прынялі ўдзел у асвячэнні памятнага знака ў гонар юбілейных дат. Па словах іерэя Іаана Кісяля, у далейшым тут будуць ладзіцца калектыўныя малебны ў гонар ключавых праваслаўных святаў і памятных дат.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga