Ва ўсе часы лічылася, што мацярынства – гэта вышэйшая праява жаноцкасці.
Як бы далёка ні ступіла чалавецтва ў прагрэсе, якая б ні наступіла эпоха, ніколі не абясцэніцца клопат жаночых рук і мудрае матчына слова. І самай вялікай каштоўнасцю ў свеце заўсёды будзе матуліна любоў – гэта каштоўнасць, якую не купіш ні за якія грошы. Усеагульнай увагай і клопатам у нашай рэспубліцы акружаны жанчыны-маці. Словы асаблівай падзякі адрасавалі ім сёння артысты і дзіцячыя калектывы Дзятлаўшчыны ў час святочнага канцэрта да Дня маці, які адбыўся ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.
Са словамі віншавання да прысутных у зале звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:
– Дарагія жанчыны! Ад усёй душы віншую вас з добрым і светлым святам –Днём маці. Яно напоўнена пяшчотай і любоўю, самымі цёплымі і шчырымі пачуццямі. З даўніх часоў жанчына-маці была сімвалам надзеі, веры і любові, душэўнага цяпла, высокага працалюбства, глыбокай мудрасці, дабра, цярпення і самаахвярнасці, – адзначыў ён. – Яна заўсёды мела і мае вялізнае значэнне для ўсяго грамадства, яе місія, звязаная з нараджэннем і выхаваннем дзяцей, іграе вялікую ролю ва ўмацаванні і захаванні духоўных ідэалаў нашай Радзімы, бо толькі ў шчаслівай сям’і вырастуць добрыя людзі, дзякуючы якім свет стане лепшым і бяспечным.
Аляксандр Станіслававіч пажадаў жанчынам раёна здароўя, міру і ўтульнасці ў доме, спакою на душы, каб усіх нас аберагала святая матчына любоў.
На сцэну таксама была запрошана ганаровая старшыня раённага грамадскага аб’яднання “ Беларускі саюз жанчын” – Галіна Чура, якая на працягу многіх гадоў была лідарам адзінага дружнага калектыву неабыякавых, дзіўных, непаўторных і актыўных жанчын Дзятлаўскага раёна. Яна пажадала, каб абедзве Маці – Нябесная і Зямная – заўсёды аберагалі ад нягод, падзякавала жанчынам усіх прафесій і роду заняткаў за хлеб на стале, за выратаваныя жыцці, за выхаванне дзяцей.
У знак бязмежнай любові да сваіх матуль, якія заўсёды побач са сваімі дзецьмі, гатовы атуліць іх матчыным крылом ад праблем і нягод, для якіх няма непераадольных адлегласцяў і бязвыхадных сітуацый прысвяцілі сваё пранікнёнае віншаванне выхаванцы дзіцячага сада № 1, а таксама выхаванцы дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава і іх выхавальніца Алена Капковіч. Нікога не пакінула абыякавым выступленне Нэлі Санюк, узорнага ансамбля “Зорачкі”, трыа скрыпачоў “Fairytale” Гезгалаўскага філіяла, групы “Каприз” і юных талентаў Казлоўшчынскага філіяла Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў.
У гэты святочны дзень шчырыя словы прызнання ў каханні самым добрым і мілым жанчынам, сыноўняя ўдзячнасць за любоў, цяпло і ласку матулям гучалі ад мужчынскай паловы: Генадзя Сураўца, Сяргея Малышчыка, Івана Кашко, Сяргея Рудоля. Да іх віншаванняў далучыліся Ганна Харлінская, Вольга Кузьма, Марына Варган, Таццяна Шостка.
І калі прыгажосць выратуе свет, то гэта будзе жаночая прыгажосць – упэўненыя не толькі вядучыя і ўдзельнікі, але і ўдзячныя гледачы канцэрта.
Таццяна САНЮК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga