У Жукоўшчынскай базавай школе з мэтай захавання памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны вучні і адміністрацыя школы, а таксама старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык, які , дарэчы, дапамог школе набыць пасадачны матэрыял, высадзілі кляновую алею на тэрыторыі школы.
Перад пачаткам мерапрыемства кіраўнік школьнага музея “Літаратурная Дзятлаўшчына” напомніла дзецям аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі мікрараёна і ўдзеле землякоў-герояў у вызваленні Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аб неабходнасці берагчы памяць аб загінулых, якія падарылі нам мірнае неба над галавой.
На прышкольнай тэрыторыі Раклевіцкай базавай школы ў рамках акцыі з’явіўся малады сад. Да гэтай падзеі былі падрыхтаваны яблыневыя саджанцы 10 гатункаў. Спачатку рыхтавалі месцы для пасадкі, кіёчкі для падвязкі, а затым, выконваючы ўсе неабходныя тэхналогіі, навучэнцы высадзілі маладыя саджанцы.
Вучнямі Дварэцкай сярэдняй школы ўжо вясной была пасаджана “Алея Героя” ў межах рэспубліканскай акцыі ў гонар ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Мікалаевіча Бузука. Цяпер школьнікі прыбралі апалае лісце, замянілі шыльду, ускапалі глебу вакол дрэў.
Вучні 8-10 класаў сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава сумесна з першым сакратаром РГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык, супрацоўнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрыем Балькоўскім, дырэктарам установы адукацыі Марынай Нячай заклалі алею з туяў на школьным двары.
Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga