На сёння трывалы харчовы запас для нашай краіны набывае стратэгічнае значэнне.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў неабходнасць якасна і своечасова завяршыць уборку бульбы, цукровых буракоў, кукурузы, ільну, для гэтага мабілізавацца ўсім – ад аграрыяў да дзяржслужачых і навучэнцаў. Дзятлаўчане таксама падтрымліваюць агульнарэспубліканскі тэмп уборкі, задзейнічаўшы ўсе даступныя рэсурсы.
Так, на палетках КСУП “Хвінявічы” бульбу ўбірае як спецыялізаваная тэхніка, так і людзі – работнікі прадпрыемства, а таксама дзятлаўчане, якія хочуць зарабіць грошай на асенніх палявых работах. Гэта пенсіянеры, якія штодзень прыязджаюць з райцэнтра калектывам ад 15 да 20 чалавек, работнікі Дзятлаўскай ЦРБ, педагогі, адміністрацыя і тэхнічны персанал сярэдняй школы № 1 і гімназіі № 1 горада Дзятлава, Хвінявіцкай сярэдняй школы, абедзвюх дашкольных навучальных установаў райцэнтра.
Акрамя машын гаспадаркі, на ўборцы бульбы занята тэхніка РУП ЖКГ, лясгаса і цэнтральнай раённай бальніцы. Арганізацыі раёна з гатоўнасцю дапамагаюць хутчэй сабраць ураджай.
– У КСУП “Хвінявічы” пад бульбу сёлета заняты 72 гектары земляў, каля 70 % ужо ўбрана. Сёлетні ўраджай “другога хлеба” адназначна вышэйшы за мінулагодні: ураджайнасць складае 270 цэнтнераў з гектара, агульны валавы збор на сёння – 1296 тон, закладзеных у сховішча, – растлумачыў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Кугейка. – Вырошчваем бульбу беларускіх гатункаў – “Першацвет”, “Брыз” і “Скарб”, насенне набываем у Шчучынскім занальным інстытуце раслінаводства, высаджваем дастаткова высокімі рэпрадукцыямі. Частка ўраджаю будзе захавана на насенне, буйная таварная бульба пойдзе на продаж. Таксама гаспадарка закладвае 90 тон у стабілізацыйны фонд для далейшай рэалізацыі ў гандлёвай сетцы. Акрамя таго, заключаем дагаворы пастаўкі з падраздзяленнем ААТ “Рагозніцкі крухмальны завод” – вытворчым участкам “Боркі”, здаём ад 500 да 700 тон бульбы.
Аляксандр Віктаравіч адзначае, што ў цэлым гэты год склаўся спрыяльна для вырошчвання сельскагаспадарчых культур, ураджай радуе. Да канца сезона яшчэ належыць завяршыць уборку бульбы, кукурузы на сілас і на зерне.
На бульбаўборачным камбайне працуе вопытны механізатар Іван Храноўскі, за плячыма ў якога 22 гады стажу ў сельскай гаспадарцы раёна: два дзесяцігоддзі з іх ён прысвяціў рабоце ў сельгаскааператыве ў родным Вензаўцы, а цяпер працуе ў КСУП “Хвінявічы” па дагаворы.
Работа ў полі яму добра знаёмая і за столькі гадоў любімая. Летам ён актыўна працаваў на жніве, а цяпер разам з іншымі ўбірае бульбу. Чаму ж не працаваць, калі кіраўніцтва гаспадаркі і да месца работы дастаўляе, і ацэньвае яе годна!..
– Трэба ж дапамагаць! – ёмка тлумачыць мужчына. – Такі ўраджай вырасцілі, нельга яго змарнаваць.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga