На Дзятлаўшчыне робіцца многае для паляпшэння жыцця людзей.
Будуюцца новыя дамы, абнаўляюцца дзіцячыя пляцоўкі, двары, рамантуюцца вуліцы, апрацоўваюцца палеткі, дзе расце будучы хлеб, адкрываюцца новыя турыстычныя аб’екты. Чым на гэта адказваюць “удзячныя” людзі? Смеццем пры дарозе.
Праўда, каб пабачыць на аўтобусных прыпынках смеццевы “ўраджай”, трэба выязджаць раніцай, пакуль дарожнікі не паспелі наведаць давераныя ім аб’екты і зноў усё прыбраць. Шкада, што гэту работу ім даводзіцца выконваць у нагрузку да сваіх прамых абавязкаў – рамонту і догляду аўтадарог. А праз дзень-два гісторыя зноў паўтараецца.
Існуе легенда, што бытавыя адходы і рэчы ў сметніцы пры шашы выкідваюць не нашы людзі, а заезджыя “гастралёры”. Вось толькі цікава, навошта гасцям з іншых рэгіёнаў везці за трыдзевяць зямель лушпінне ад бульбы або чаравікі?..
– А мы яшчэ змагаемся за званне дома высокай культуры і быту! Гэта ж жах! – абураўся герой аднаго вядомага ўсім савецкага кінафільма.
Немагчыма з ім не пагадзіцца.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga