“Экабіёла” сабрала аматараў прыроды

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У жывапісным куточку Дзятлаўшчыны, на базе Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, другі год запар працуе раённы профільны летнік з кругласутачным знаходжаннем “Экабіёла”.

Сёлета ў ім з 26 ліпеня па 3 жніўня аздараўліваюцца трыццаць навучэнцаў з розных установаў адукацыі нашага раёна.

Чым адметны адпачынак у “Экабіёле”, расказала дырэктар летніка Анастасія Крысанава:

– Летнік наш эколага-біялагічнай накіраванасці, з улікам гэтага распрацавана праграма мерапрыемстваў. Кожны дзень для навучэнцаў ладзяцца заняткі ў даследчай лабараторыі “Гадзіна юнага біёлага”, дзеці ўжо паспелі правесці эксперыменты з чыпсамі і колай, вывучаючы іх дрэнны ўплыў на арганізм чалавека. Разам са спецыялістамі Дзятлаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адпачывальнікі “Экабіёлы” пабылі на экскурсіі ў Вензавецкім лясніцтве, дзе наведалі дэндрапарк, прайшліся па экалагічнай сцяжынцы, зазірнулі ў домік паляўнічага. Пазнавальным быў аднадзённы паход у вёску Стараельня на аграсядзібу Аляксандра Лашкоўскага. Там рабяты пазнаёміліся з такім карысным рамяством, як пчалярства, даведаліся, як абыходзіцца з пчоламі, пакаштавалі мёду. Экскурсія ў заказнік Ліпічанская пушча дазволіла не толькі больш даведацца пра родную прыроду, але і прайсціся партызанскімі сцежкамі, пабыць у месцах ранейшай дыслакацыі партызан Дзятлаўскага, Мастоўскага, Шчучынскага раёнаў, наведаць мемарыяльныя комплексы “Музей-зямлянка” і “Шымкі”. Таксама юныя біёлагі ў час змены пазнаёміліся з расліннасцю, характэрнай для нашага края, сабралі экаматэрыял для гербарыя, даведаліся, як з ім правільна абыходзіцца. Цікавым быў дзень беларускай мовы ў летніку: дзеці наведалі школьны музей, узгадалі беларускія прымаўкі, паўдзельнічалі ў конкурсе чытачоў і акцыі “Чытаем разам беларускіх песняроў”. Яркім і вясёлым было мерапрыемства “Яго вялікасць Няптун”. Нашы атрады “Лішняя храмасома” і “Рэзус-фактар” выбіралі сваіх Няптунаў і світу, пераапраналіся, віталі гасцей, а затым спаборнічалі ў вясёлай воднай эстафеце, якую падрыхтавалі работнікі мясцовага Дома культуры. Напрыканцы змены ў нас будзе працаваць пошта “Пасланне летніку”, і рабяты змогуць падзяліцца ўражаннямі, напісаўшы пісьмы і паштоўкі аб сваім адпачынку. Завершыць змену ўрачыстая лінейка з уручэннем памятных прызоў.

Уражаннямі ад адпачынку ў “Экабіёле” падзяліліся і самі навучэнцы.

Раман Лазовік, 9 клас Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:

– У гэтым летніку я ўпершыню. Прыемна ўражаны, што выхавальнікі для нас сталі сапраўднымі старэйшымі сябрамі. Кожны дзень тут праходзіць вельмі цікава, нас смачна кормяць, я займеў новых сяброў з усяго раёна, мы абавязкова будзем падтрымліваць з імі сувязь у сацыяльных сетках і па тэлефоне. Спадзяюся, у далейшым давядзецца сустракацца на розных раённых спаборніцтвах і святах. За час змены мне спадабалася ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”: была магчымасць пастраляць з пнеўматычнай вінтоўкі і паспаборнічаць у падняцці гіры. Цікавай была экскурсія ў дэндрапарк: мы шмат новага даведаліся пра дрэвы і нават назбіралі грыбоў. Летнік “Экабіёла” прываблівае мяне разнастайнасцю мерапрыемстваў, адкрытасцю педагогаў, новымі знаёмствамі. Калі атрымаецца, буду тут адпачываць і ў наступным годзе.

Артур Мазоль, 8 клас Казлоўшчынскай сярэдняй школы:

– Адпачываю тут другі год запар. Летась вельмі спадабалася паездка на прадпрыемства “Мастоўдрэў” і знаёмства з працэсам вырабу рэчаў з драўніны. Падабаецца традыцыйны для “Экабіёлы” “Вечаровы агеньчык”, калі ўсе насельнікі летніка збіраюцца разам перад адбоем і па чарзе дзеляцца прыемнымі і непрыемнымі ўражаннямі за дзень, абавязкова выказваюцца і нашы педагогі. Выдатна, што тут вельмі крэатыўныя і творчыя выхавальнікі, яны мне вельмі падабаюцца. Радуе, што пасля ціхай гадзіны мы абавязкова ходзім на спартыўную пляцоўку, што дапамагае трымаць сябе ў тонусе. Самае яркае маё ўражанне ад сёлетняй змены – паход на аграсядзібу і знаёмства з пчаляром, калі вырасту, таксама хачу завесці пасеку. Парадавала перамога нашага атрада ў “Зарніцы”, бо я быў камандзірам аддзялення. Мы маршыравалі, стралялі, штурхалі гіру. Уразіў мяне і музей Круцілавіцкай школы, дзе я пабыў упершыню ў дзень беларускай мовы, а яшчэ мы па чарзе чыталі паэму “Новая зямля”. У “Экабіёле” весела і цікава, таму пастараюся і ў наступным годзе трапіць менавіта ў гэты летнік.

Дар’я Заваротная, 8 клас Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:

– Я і летась адпачывала ў “Экабіёле”, тут было шмат цікавай моладзі, асабліва спадабаліся актыўныя і творчыя дзяўчаты-адзінаццацікласніцы з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава. На жаль, сёлета іх ужо няма ў летніку, і на дыскатэках не так весела. Запомнілася мінулагодняя паездка ў Масты, дзе трапілі на свята Купалле. Калі вярнуліся, то і тут для нас ладзілі падобнае мерапрыемства спецыялісты мясцовага Дома культуры. Мы ўпрыгожвалі бярозку, спявалі купальскія песні, шукалі папараць-кветку. Сёлета адметным было свята “Яго вялікасць Няптун”. Адпачываць у “Экабіёле” мне падабаецца, таму што гэта мая родная школа, тут мае педагогі і сябры з усяго раёна. Я люблю прыроду, таму атрымала асалоду ад паездкі ў дэндрапарк і пешай вандроўкі ў Стараельню. Адным словам, змена ў нас праходзіць ярка і цікава, таму ў наступным годзе з задавальненнем сюды вярнуся, калі атрымаецца.

Ірына СТЫРНІК



Теги: