Мы разам – у гэтым наша сіла

Галоўнае Грамадства

17 верасня краіна адзначыць Дзень народнага адзінства другі раз. Свята маладое, але ўжо любімае.

Напярэдадні ў Дзятлаве каля помніка Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў гарадскім парку адбыўся ўрачысты мітынг. Яго ўдзельнікі: вучні школ, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра, раённая ўлада – сабраліся, каб выказаць любоў да роднай краіны і паказаць адзінства беларускага народа. Толькі разам можна захаваць спадчыну гераічных продкаў і пабудаваць квітнеючую краіну, якой будуць ганарыцца нашчадкі.

Памяць пра ўсіх, хто мужна адстаяў свабоду сваёй Радзімы, ушанавалі хвілінай маўчання і словамі падзякі.

– Гэта дата, 17 верасня 1939 года, аднавіла гістарычную справядлівасць, таму Дзень народнага адзінства можна “паставіць” побач з такімі важнымі для нас 9 мая – Днём Перамогі і 3 ліпеня – Днём Незалежнасці. У 1941 годзе нашы дзяды і прадзеды аб’ядналіся, каб падарыць нам мір і спакой, а мы ў жніўні 2020 года, аб’яднаўшыся вакол нашага лідара, як нацыя не дазволілі пазбавіць нас незалежнасці, – адзначыў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец і павіншаваў удзельнікаў мітынгу з надыходзячым святам, пажадаў усім здароўя і дабрабыту, росквіту – любімай краіне.

Дзятлаўчане ўсклалі кветкі і вянкі да помніка як даніну павагі мужнасці, гераізму і стойкасці герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: