Дзень Войневіцкага сельскага савета

Важнае Улада

У аграгарадку Войневічы пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыняў сельвыканкамаў раёна прайшло мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Войневіцкага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы і добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета”.

З работай у гэтым кірунку прысутных азнаёміў старшыня сельвыканкама Іван Свіб. Ён расказаў, што Войневіцкі сельсавет як тэрытарыяльная адзінка быў створаны ў 1958 годзе, у 2009 да яго далучаны 7 населеных пунктаў Раготнаўскага сельсавета, і цяпер іх колькасць складае 15. Тут жывуць 616 чалавек, сярод якіх 324 –працаздольныя, 238 – пенсіянеры, 54 – дзеці і падлеткі. Увага сельвыканкама скіравана на падтрымку і забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці грамадзян, асабліва катэгарыраваных слаёў насельніцтва, сярод якіх 14 адзінокіх пажылых грамадзян і 171, якія жывуць адзінока, 38 інвалідаў, адзін непаўналетні вязень часоў Вялікай Айчыннай вайны, 6 шматдзетных сем’яў.

У 2008 годзе Войневічы атрымалі статус аграгарадка, цяпер тут жыве 176 чалавек, у ліку самых населеных вёсак – Горка, дзе 139 жыхароў, а вось у Петрашулевічах застаўся толькі адзін вясковец.

Сярод арганізацый і прадпрыемстваў, якія складаюць вытворчую і сацыяльную інфраструктуру сельсавета, КСУП “Войневічы”, ва ўладанні якога 5902 гектары зямлі. Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва забяспечваюць Войневіцкі і Горкаўскі фельчарска-акушэрскія пункты. Ёсць 3 магазіны змешаных тавараў Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, яшчэ 12 населеных пунктаў па графіку абслугоўваюць аўтамагазіны. У аграгарадку працуе лазня КСУП “Войневічы”. На тэрыторыі сельсавета таксама функцыянуюць 2 пункты паштовай сувязі, Войневіцкая сельская бібліятэка-клуб, 2 праваслаўныя царквы.

Належная ўвага надаецца добраўпарадкаванню 2 помнікаў воінам-землякам у Войневічах і Горцы і 6-і грамадзянскіх могілкаў, дзе падтрымліваць парадак дапамагаюць вясковыя старасты і жыхары, вываз смецця па меры неабходнасці ажыццяўляецца транспартам гаспадаркі.

Пры Войневіцкім сельвыканкаме дзейнічаюць аглядавая камісія, камісія па садзейнічанні кантролю за выкананнем заканадаўства аб рэлігійных арганізацыях, грамадскі пункт аховы правапарадку, добраахвотная дружына.

У ліку формаў работы сельвыканкама з насельніцтвам па месцы жыхарства – сходы грамадзян, падваровыя абходы, прыходзяць на дапамогу і вясковыя старасты.

Пастаянная ўвага скіравана і на падтрыманне належнага санітарнага стану населеных пунктаў сельсавета, іх добраўпарадкаванне. Вялікая работа праведзена па выдаленні хмызняку і кустоўя на могілках аграгарадка Войневічы і вёскі Пруд. Выкананы капітальны рамонт дарогі Войневічы – Талявічы, асфальтаванне дарогі Нянадавічы – Войневічы. Ажыццяўляецца знос струхнелых нежылых дамоў, якіх у 2020 годзе знесена 3, летась – 5, сёлета – 3, яшчэ 7 нежылых дамоў судом Дзятлаўскага раёна аднесены да ўласнасці сельвыканкама.

Сельвыканкам і надалей плануе надаваць належную ўвагу сацыяльнай сферы і добраўпарадкаванню населеных пунктаў пры актыўным удзеле мясцовага насельніцтва і арганізацый.

Іван Свіб запрасіў прысутных наведаць некаторыя аб’екты сельсавета.

З работай Войневіцкай бібліятэкі-клуба ўдзельнікаў сустрэчы азнаёміла бібліятэкар Святлана Кашырэц. Загадчыца ФАПа аграгарадка Іна Рукан расказала, як ажыццяўляецца медыцынскае абслугоўванне насельніцтва, у тым ліку неабароненых катэгорый. Як падтрымліваецца належны парадак на іх прыватным падворку, прадэманстравала сям’я Белушаў. Таксама госці сельсавета наведалі лазню сельгаспрадпрыемства, экскурсію па якой зладзіла галоўны спецыяліст КСУП “Войневічы” Наталля Скібінская. Пабывалі на могілках аграгарадка і вёскі Пруд, дзе выдалены хмызнякі. Прыватны прадпрымальнік Іван Прытулік у вёсцы Пруд расказаў удзельнікам Дня сельсавета аб добраўпарадкаванні мясцовага возера. Напрыканцы прысутныя наведалі Свята-Георгіеўскую царкву ў вёсцы Горка.

Вынікі сустрэчы падвёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён зазначыў, што ў кожным сельсавеце ёсць свае адметнасці і цікавінкі, ёсць і праблемы, якія патрабуюць увагі і вырашэння, старшыні сельвыканкамаў сутыкаюцца як з агульнымі клопатамі, так і з асабістымі пытаннямі жыхароў, а таму практыка правядзення падобных сустрэч і абмеркавання вопыту па ўзаемадзеянні з насельніцтвам і раённымі ўладамі заўсёды будзе актуальнай і надзённай.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены раённым Саветам дэпутатаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: