Дзень Дзятлаўскага сельскага савета

Галоўнае Улада

Мясцовае самакіраванне.

У Раклевіцкім доме культуры пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыняў сельвыканкамаў раёна прайшло мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Дзятлаўскага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, дабраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета”.

Таксама ў час пасяджэння абмеркавалі пытанні па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”, пагаварылі аб навядзенне парадку ў населеных пунктах раёна, Аляксандр Бараноўскі нагадаў аб выкананні мер па недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней.

З інфармацыяй па асноўнай тэме выступіў старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама Аляксандр Маркушэўскі. Ён расказаў, што плошча сельсавета складае 239 кіламетраў квадратных, дзе размешчаны 32 населеныя пункты, 889 прыватных гаспадарак, жывуць 1812 чалавек, сярод якіх пераважаюць працаздольныя грамадзяне – 1067 жыхароў, ёсць 504 пенсіянеры і 240 дзяцей, з іх 9 нарадзіліся сёлета. Катэгарыраваная група насельніцтва – гэта 28 адзінокіх пажылых жыхароў, 309 тых, хто жыве адзінока, 18 шматдзетных сем’яў, 13 – няпоўных, 82 інваліды. Сацыяльным надомным абслугоўваннем ахоплены 7 жыхароў сельсавета.

Самымі населенымі з’яўляюцца аграгарадок Раклевічы (374 жыхары), вёскі Засецце (236) і Апаліна-Басіна (193). Менш за 10 жыхароў у вёсках Запашка, Каменка, Нямковічы, Палубачкі, Рэпішча, Тарасавічы, ніхто не жыве ў Сіратоўшчыне.

У сельсавеце газіфікаваны 13 населеных пунктаў, ужо сабраны заявы жыхароў на газіфікацыю вёсак Малдуці і Яцвезь. Асфальтаваны амаль усе пад’язныя дарогі, за выключэннем пад’ездаў да вёсак Селівонкі, Тарасавічы, Пацаўшчына, Нарбутавічы.

На тэрыторыі сельсавета працуе сельскагаспадарчы філіял “АграМілк”, дзе заняты 366 чалавек і яшчэ 50 прыцягваюцца на сезонныя работы, ёсць аддзяленне пошты, 2 магазіны спажывецкай кааперацыі, у Раклевічах функцыянуюць дзіцячы сад-базавая школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, у Нарбутавічах – дом сацыяльных паслуг.

Медыцынскае абслугоўванне жыхароў забяспечваюць Раклевіцкі, Норцавіцкі, Міроўшчынскі ФАПы, Дзятлаўская раённая і Новаяльнянская паліклінікі, рэгулярна ладзіцца медыцынскі агляд адзінокіх пажылых грамадзян і тых, хто жыве адзінока. Увогуле забеспячэнню бяспечнай жыццядзейнасці гэтай катэгорыі насельніцтва надаецца асаблівая ўвага: дапамагаюць у рамонце пячнога ацяплення, электраправодкі, устаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, забеспячэнні палівам, пры рабоце аглядавай камісіі яны ўключаюцца ў мерапрыемствы па паляпшэнні матэрыяльна-бытавога стану, якія выконваюцца на 100 %. Усяго сёлета камісія праверыла 410 домаўладанняў жыхароў сельсавета.

Значная ўвага надаецца добраўпарадкаванню населеных пунктаў: пазалетась асфальтавае пакрыццё пакладзена ў вёсцы Заполле, летась – у Пенчыцах, сёлета – у Плябанавічах, заасфальтавана і пешаходная дарожка ад вёскі Засецце да горада Дзятлава.

Сярод мерапрыемстваў бягучага года – добраўпарадкаванне тэрыторыі каля малочнатаварных фермаў “Хадзяўляны 777”, “Засецце” і новых мехмайстэрняў. Цяпер выконваецца рамонт 2-павярховага дома па вуліцы Маладзёжнай у Раклевічах, газіфікацыя кацельні сельгасфіліяла “АграМілк”, прыбраны звалкі каля вёскі Савічы і Засецце, добраўпарадкавана тэрыторыя каля помніка землякам, знесены 4 струхнелыя дамы, уключаны ў севазварот 2 участкі, водаправодныя сеткі і каналізацыя аграгарадка Раклевічы перададзены на баланс РУП ЖКГ, летась тут пабудавана станцыя абезжалезвання, практычна ва ўсіх населеных пунктах сельсавета ажыццяўляецца высяканне хмызнякоў і падкошванне ўчасткаў каля нежылых дамоў.

На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 7 помнікаў воінам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, і адно воінскае пахаванне, з 11 могілак сельсавета агароджаны 6, на ўсіх ёсць абсталяваныя пляцоўкі для смецця, за два апошнія гады добраўпарадкаваны могілкі ў вёсках Вянскі, Пацаўшчына, Труханавічы, аграгарадку Раклевічы, ідуць работы ў Норцавічах.

Аляксандр Маркушэўскі адзначыў, што ў сельвыканкама наладжаны цесны кантакт з кіраўнікамі ўстановаў і арганізацый сельсавета, старастамі вёсак, дэпутатамі, вялікая падтрымка аказваецца кіраўніцтвам філіяла “АграМілк”, таму ён выказаў спадзяванне, што ўзаемнымі намаганнямі і надалей будуць спраўляцца з пастаўленымі задачамі.

Праграму Дня Дзятлаўскага сельсавета прадоўжыла азнаямленне з аб’ектамі сацыяльнай інфраструктуры і добраўпарадкавання. Яго ўдзельнікі наведалі магазін “Родны Кут” аграгарадка Раклевічы, з работай якога азнаёміла загадчыца Іна Пашукевіч, мясцовы ФАП, пра дзейнасць якога даведаліся ў загадчыцы Людмілы Савасцюк, аб добраўпарадкаванні могілак аграгарадка Раклевічы расказаў Аляксандр Маркушэўскі. Наступнымі гасцей сустракалі гаспадары аграсядзібы вёскі Баравікі – Якаў і Зінаіда Бубічы, якія паказалі, што адпачынак на ўлонні сельскай прыроды можа быць прыемным і камфортным, прынесці вялікае задавальненне. Пацікавіліся ўдзельнікі сустрэчы і добраўпарадкаваннем помніка ў вёсцы Засецце, уключэннем земляў у севазварот пасля зносу аднайменнага хутара, а напрыканцы наведалі малочнатаварную ферму “Хадзяўляны 777”, з работай якой, а таксама сельгасфіліяла азнаёміў яго дырэктар Аляксандр Грынкевіч.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксандр Бараноўскі адзначыў, што ў кожным сельскім савеце нашага раёна работа ідзе актыўна, ёсць цікавы вопыт для пераймання, ёсць і пэўныя праблемы, якія варта абмяркоўваць, а таму Дні сельсаветаў не страцяць сваёй актуальнасці.

Ірына СТЫРНІК

Фотаздымкі прадастаўлены арганізатарамі мерапрыемства     



Теги: