Мы – нашчадкі пераможцаў: святочны канцэрт да Дня Незалежнасці (+відэа)

Галоўнае Улада

3 ліпеня на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве адбыўся канцэрт-шанаванне, прымеркаваны да галоўнага дзяржаўнага свята.

– День Незалежнасці – гэта свята суверэннай, моцнай, стабільнай, мірнай Беларусі. Гэта дзень гонару за нашы поспехі і дасягненні, слаўныя перамогі мінуўшчыны і сучаснасці, велічную гісторыю, самабытную культуру, сілу волі, талент і працавітасць беларускага народа, – павіталі прысутных вядучыя мерапрыемства.

Са словамі віншавання да ўдзельнікаў свята звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі:

– Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – дата, у якой зліліся ў адзінае цэлае святыя і вялікія для беларусаў паняцці – Вызваленне, Перамога і Незалежнасць. Вытрымаўшы жорсткія выпрабаванні, беларускі народ застаўся моцны духам, адданы роднай зямлі. 3 ліпеня мы аддаём даніну памяці і павагі франтавікам, партызанам-падпольшчыкам, працаўнікам тылу, смуткуем па загінулых. Памяць аб мінулай вайне адгукаецца болем у сэрцах беларусаў. Мы заўжды будзем помніць тых, хто загінуў на палях бітваў, каб іх нашчадкі маглі мірна жыць і працаваць у сваёй краіне. Светлая памяць аб усіх загінулых увекавечана ў дзясятках помнікаў і абеліскаў.


Не меншы гераізм праявіў беларускі народ, адбудоўваючы сваю Радзіму пасля вайны, аднаўляючы прамысловасць і сельскую гаспадарку. За гады незалежнасці наша краіна пераўтварылася ў моцную, сучасную, квітнеючую дзяржаву. Сёння мы жывём у мірны час у краіне, дзе можна спакойна працаваць, вучыцца, гадаваць дзяцей і быць упэўненым у іх дастойнай будучыні. Цяпер адказнасць за лёс нашай Радзімы ляжыць на нас. Мы – нашчадкі пераможцаў. Захоўваючы і памнажаючы іх дасягненні, будзем прадаўжаць традыцыі старэйшых пакаленняў, забяспечваючы мір і росквіт краіны, умацоўваючы суверэнітэт беларускай дзяржавы.
У гэты святочны дзень шчыра жадаю вам моцнага здароўся, сямейнага шчасця, міру, згоды і дабрабыту. Няхай кожны дзень вашага жыцця будзе напоўнены поспехамі і новымі дасягненнямі.

На святкаванні ў Дзятлаве прысутнічаў наш зямляк – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк. Ён звярнуўся да гасцей мерапрыемства:

– Віншую вас з галоўным дзяржаўным святам – Днём Незалежнасці! У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя дні і падзеі, якія становяцца кропкай адліку новага этапу ў гісторыі дзяржавы, выклікаюць найвышэйшы пад’ём і яднанне ўсіх грамадзян. Для Беларусі такой вехай з’яўляецца дзень вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта дата па волі беларускага народа стала Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гэта галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці. У гэты святочны дзень шчыра жадаю вам здароўя, шчасця, міру і дабра.
Уладзімір Аляксандравіч прыехаў у Дзятлава з прыемнай місіяй – прывёз высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Ён уручыў Падзячныя лісты старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь начальніку аддзела адукацыі райвыканкама  Наталлі Белаус і начальніку фінансавага аддзела
Ірыне Жэгала.

Стала добрай традыцыяй у Дзень Незалежнасці заносіць імёны выдатных жыхароў раёна, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё, сваёй доблеснай працай праславілі Дзятлаўшчыну, у Кнігу Славы раёна. Сёлета яна папоўнілася імёнамі Сафіі Гукіш, якая прысвяціла гаспадарцы ААТ “Граніт-Агра” 50 гадоў працы, а таксама Раісы Ганчарэвіч – “Выдатніка сістэмы адукацыі”, старшыні раённага савета ветэранаў працы галіновага прафсаюза.

На свяце Незалежнасці ўшанавалі лепшых работнікаў сацыяльнай сферы, сярод якіх настаўнікі, медыкі, работнікі культуры і эканамісты з розных арганізацый нашага раёна.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі ўручыў Пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі самым юным і таленавітым удзельнікам свята – навучэнцам агульнаадукацыйных і школ мастацтваў нашага раёна. Юныя зорачкі прадэманстравалі свае таленты на раённай сцэне.

Сюрпрызам для гледачоў стала выступленне выхаванцаў Беларускай федэрацыі Кёкусінкай БУДО каратэ пад кіраўніцтвам трэнера Аляксандра Багаля.

Святочны канцэрт да Дня Незалежнасці быў поўны добрых, шчырых песень у выкананні прафесійных і самадзейных артыстаў і творчых калектываў Дзятлаўшчыны.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga