Стратэгіі камунальшчыкаў – дабрабыт насельніцтва

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі адзначаюць штогод кожную чацвёртую нядзелю сакавіка. Сёлета гэтае свята для работнікаў Дзятлаўскага РУП ЖКГ асаблівае: аднаму з самых важных прадпрыемстваў раёна спаўняецца 80 гадоў.

Напярэдадні гэтай даты мы сустрэліся з работнікамі Дзятлаўскага РУП ЖКГ, каб акунуцца ў іх своеасаблівую атмасферу, даведацца пра тое, што для звычайнага чалавека блізка, але ў той жа час так далёка.

Вядучы эканаміст РУП ЖКГ Святлана Царук патлумачыла, што асноўнымі задачамі, пастаўленымі перад прадпрыемствам, з’яўляюцца паўсюднае зніжэнне выдаткаў, эканомія паліўна-энергетычных, матэрыяльных і працоўных рэсурсаў пры адначасовым забеспячэнні якасці паслуг, якія прадастаўляюцца насельніцтву, і павышэнні прадукцыйнасці работы.

Дарэчы, прадпрыемствам за 2018 год прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця выкананы.

Найбольш перспектыўнымі рэзервамі зніжэння выдаткаў лічым развіццё механізацыі і аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў, укараненне канкурэнтнага асяроддзя пры аказанні жыллёва-камунальных паслуг, эканомію ўсіх відаў паліўна-энергетычных рэсурсаў, – дзеліцца Святлана Царук.

Прадпрыемствам за мінулы год за кошт розных крыніц прыцягнута інвестыцый у асноўны капітал на суму 1878 тысяч рублёў, а рост да адпаведнага перыяду мінулага года павялічыўся ў 5,7 разоў.

Галоўны бухгалтар прадпрыемства Алена Марук шчыра любіць сваю працу і ведае, што любыя пытанні хутка вырашаюцца дзякуючы зладжанаму калектыву:

Маё жыццё склалася так, што прафесійная дзейнасць звязана толькі з Дзятлаўскім РУП ЖКГ. І я ганаруся тым, што ўжо на працягу многіх гадоў наша работа прыносіць маленькую часцінку шчасця для спажыўцоў. Хачу падзякаваць усім работнікам ЖКГ і ветэранам галіны за іх працу, напярэдадні нашага прафесійнага свята жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, радасці, вясновага настрою, утульнасці, сямейнага дабрабыту.

Кожны дзень сумаваць не даводзіцца, і аб’ёмы работ заўсёды немалыя. У 2018 годзе Дзятлаўскае РУП ЖКГ пачало рэканструкцыю кацельні па вуліцы Навагрудскай у горадзе Дзятлаве з мэтай пераключэння нагрузкі ад кацельні, што на вуліцы Перамогі.

Праведзены капітальны рамонт сетак халоднага вадаправода і каналізацыі вуліц Дварчаніна і Фогеля ў Дзятлаве. Гэтыя вуліцы засталося толькі добраўпарадкаваць.

Таксама ў райцэнтры былі наладжаны сеткі каналізацыі і добраўпарадкаванне мікрараёна па вуліцы Біцько, прыведзена ў належны стан вуліца Мічурына. Жыхары горада змаглі ацаніць капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі жылога дома №16 на вуліцы Чырвонаармейскай і капітальны рамонт жылога дома №8 на Навагрудскай. Па бягучым рамонце жыллёвага фонду было адрамантавана 13 фасадаў жылых дамоў, а за кошт сродкаў грамадзян – 13 пад’ездаў.

Работа камунальнікаў спрыяе наладжванню сувязяў з грамадскасцю, і гэта –  кропкі сутыкнення паміж спецыялістамі камунальнай сферы і насельніцтвам. Без канструктыўнага дыялогу і ўліку меркаванняў спажыўцоў будаўніцтва сучаснай сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі не ўяўляецца магчымым.

У аграгарадку Гезгалы, напрыклад, па словах начальніка мясцовага жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка Жанны Марачынскай, пры магчымасцях камунальнікі імкнуцца задавальняць запыты насельніцтва:

Мы абслугоўваем гарадок насельніцтвам 1300 чалавек. На ўчастку працуюць аператары газавай кацельні, слесар-газавік, слесар-рамонтнік, зваршчык, рабочы па тэхабслугоўванню, дворнікі. За мінулы перыяд быў праведзены капітальны рамонт дома №1, зроблены капітальны рамонт балконаў і фасадаў дамоў №4 і №5. У нас асфальтаваныя дарогі, але, вядома, ёсць да чаго імкнуцца. Мы заўсёды шукаем магчымасць удасканальвацца, нам ёсць куды расці. Сваім калегам з нагоды свята жадаю росту ў працы і ўзаемаразумення з людзьмі. Мы стараемся працаваць, і жыхары Гезгалаў не могуць не заўважыць, як квітнее наш аграгарадок.

На ўчастку ў гарадскім пасёлку Наваельня пад кіраўніцтвам начальніка мясцовага ЖРЭУ Аляксандра Спасюка працуюць 45 чалавек. Асноўная задача – падача цяпла, вады для жыхароў гарпасёлка і бліжэйшых вёсак. У рабоце дапамагаюць 6 адзінак тэхнікі, а на дадзены момант ідзе актыўная праца на кацельні з дровамі, паколькі кацёл працуе на шчэпках.

Усяго пяць газавых кацельняў раёна працуюць у аўтаматычным рэжыме, яшчэ столькі ж – на дровах, а рэзервовы від паліва – газ.  Ужо 10 гадоў у Дзятлаўскім РУП ЖКГ працуе майстар участка ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак Аляксандр Гульнік:

Цяпер у нас на ўчастку будуецца новая кацельня, дзе будуць усталёўвацца два шчэпавых катла. Будаўнічыя работы плануецца скончыць у сакавіку, будуць праводзіцца выпрабаванні, каб пры ўваходзе ў ацяпляльны сезон усё было добра. Вядома, ацяпляльны сезон павінен пачацца своечасова, а жыхары горада Дзятлава не павінны пакутаваць ад недахопу цяпла ў кватэрах. Жадаю сваім калегам поспехаў у працы, а ўсім дзятлаўчанам – гарачай вады.

Спраўляцца з пастаўленымі задачамі камунальнікам дапамагае сучасная тэхніка. Участак транспарта, за які адказвае механік Сяргей Санцэвіч, налічвае каля 65 яе адзінак. Не дзіўна, бо трэба чысціць ад снегу, пасыпаць, грэйдзіраваць вуліцы, рамантаваць і пракладваць каналізацыю, цеплатрасы, ваду, вывозіць смецце. Адным з лепшых вадзіцеляў Дзятлаўскага РУП ЖКГ з’яўляецца Аляксандр Латушка. Тэхніка спецыфічная і гатовая да працы ў любы момант, бо бывае, чакаць проста няма часу.

Добра прыжываюцца ў Дзятлаўскім РУП ЖКГ новыя тэхналогіі, якія дазваляюць паніжаць энергазатраты.

Без падачы электрычнасці ўсе механізмы, можна лічыць, мёртвыя, – упэўнены вядучы інжынер-энергетык РУП ЖКГ Анатоль Дораш.

Інжынерная служба мае дачыненне амаль да ўсіх галінаў дзейнасці камунальнай гаспадаркі. Абслугоўваюць жылфонд, ачышчальныя збудаванні, кацельні, свідравіны, вулічнае асвятленне, актыўна ажыццяўляюць дыспетчарызацыю і аўтаматызацыю сістэм і вузлоў ацяплення, што дазваляе палепшыць кантроль за работай абсталявання, зменшыць затраты, адпаведна і цэны на камунальныя паслугі. Служба плённа супрацоўнічае з камітэтамі па энергазберажэнні, дзякуючы чаму на аб’ектах ЖКГ нашага раёна з’яўляюцца энергаэфектыўныя помпы, дымасосы, катлы.

Галоўны інжынер РУП ЖКГ Станіслаў Кучынскі працуе ў камунальнай гаспадарцы ўжо 35 гадоў і падтрымлівае інавацыйныя тэхналогіі, якія павышаюць якасць працы:

У мінулым годзе мы правялі дыспетчарызацыю больш за 20 кватэр. Кожны дом “вывелі” на пульт і ёсць магчымасць на адлегласці кантраляваць тэмпературу падачы цепланосбіта ў дом. На маніторы можна ўбачыць усе паказанні, таму няма неабходнасці лішні раз выязджаць на патрэбны адрас для праверкі.

Хочацца, каб ад насельніцтва не паступала скаргаў, таму калегам жадаю адданасці ў рабоце.

На 2019 год у Дзятлаўскага РУП ЖКГ шмат планаў, якія калектыў будзе імкнуцца выканаць. Сярод іх – будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў Жукоўшчыне і Хвінявічах, заканчэнне рэканструкцыі кацельні па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве з пераключэннем нагрузкі ад кацельні па вуліцы Перамогі, мадэрнізацыя кацельні ў Вензаўцы з заменай неэфектыўнага катла, будаўніцтва блочна-модульнай кацельні ў Міроўшчыне, завяршэнне капітальнага рамонту сетак халоднага вадаправода і каналізацыі вуліц Дварчаніна і Фогеля ў райцэнтры. Таксама капітальнага рамонту чакаюць дамы №21 і №23 па вуліцы Чапаева ў Дзятлаве і №3 у Гезгалах.

Юлія БАКУНОВІЧ

 

 



Теги: