Піянерыі – 100 гадоў. Стагоддзе сяброўства, адзінства, дабра

Галоўнае Улада

Пад такой гучнай назвай 21 чэрвеня ў Дзятлаве прайшоў раённы фестываль ГА “БРПА”, прымеркаваны да 100-годдзя піянерскага руху і рэспубліканскага тыдня моладзі і студэнцтва.

Стартавала свята на дыялогавай лідар-пляцоўцы “Піянерыя Дзятлаўшчыны: вектары росту”, якая ладзілася ў раённым выканаўчым камітэце. Лідары піянерскага руху і члены моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў сустрэліся з кіраўніком раёна Андрэем Садоўскім, яго намеснікам Ігарам Кухарэвічам, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольгай Рагачовай, начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Наталляй Белаус, першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык. Мадэратарам форуму была дырэктар раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Таццяна Ваніслаўчык.

Моладзь пацікавілася ў Андрэя Садоўскага, хто такі лідар і як ім стаць? Андрэй Уладзіміравіч выказаў думку, што лідар – чалавек, які можа аб’яднаць агульнымі ідэямі і весці за сабой іншых. Лідарамі становяцца толькі ў выніку стараннай і карпатлівай працы над сабой. Таксама юныя госці спыталі, на якіх участках яны могуць быць карыснымі, прапанавалі некалькі ідэй. Сярод іх – арганізаваць раённы дабрачынны конкурс малых грандаў для аўтарскіх піянерскіх праектаў, сродкі ад якога можна будзе скіраваць на набыццё сучаснага спартыўнага абсталявання для аб’яднанняў па інтарэсах, запатрабаваных у дзяцей; у Год гістарычнай памяці разгледзець магчымасць прысваення школам раёна імёнаў герояў Вялікай Айчыннай вайны і вядомых землякоў; закласці ў знакавым месцы горада капсулу з пасланнем для нашчадкаў, тэкст якога напішуць навучэнцы раёна сумесна з супрацоўнікамі рэдакцыі газеты “Перамога”.

Андрэй Садоўскі паабяцаў падтрымку гэтым ініцыятывам з умовай, што актыўнасць будзе зыходзіць менавіта ад навучэнцаў і іх педагогаў. Парадавала тое, што падрастаючае пакаленне беражліва захоўвае гістарычную памяць, займаецца пошукавай дзейнасцю і гатова “ўпісаць сваю старонку” ў гісторыю роднага краю.

На развітанне навучэнцы падарылі кіраўніку раёна памятны піянерскі гальштук часоў СССР, а ён у сваю чаргу пажадаў ім поспехаў у вучобе і выбары будучай прафесіі, паабяцаў, што падобныя сустрэчы будуць практыкавацца і надалей.

Яркай выдалася ўрачыстая частка фестывалю з удзелам дэлегацый  піянерскіх дружын, адпачывальнікаў аздараўленчых летнікаў і гасцей. Яна праходзіла ў Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава. Крэатыўна ў вершаванай форме піянеры расказалі пра свае галоўныя справы на карысць малой радзімы і самыя значныя дасягненні.

 

– Вы прадаўжаеце слаўны шлях адной з самых значных дзіцячых арганізацый у свеце, – павітаў удзельнікаў свята Андрэй Садоўскі. – Сёння ў Беларусі больш за 600 тысяч піянераў, на Дзятлаўшчыне – каля 2 тысяч. Вынікова працуюць дзіцячая палата, гарадскі піянерскі штаб ГА “БРПА”, дружыны ўстановаў адукацыі. Па выніках абласнога конкурсу дзейнасць Дзятлаўскага раённага савета ГА “БРПА” адзначана дыпломам І ступені, сумеснымі намаганнямі створаны раённы цэнтр моладзевых ініцыятыў, што дазваляе вырашаць актуальныя пытанні не толькі раённага, але і рэспубліканскага значэння. Раён ганарыцца абласнымі прызёрамі конкурсаў “Піянер года” Дар’яй Лявошка, “Лідар года” Анастасіяй Жамайтук, пераможцамі абласнога этапу моладзевага праекта “100 ідэй для Беларусі” Аляксандрам Баковічам і Паўлам Аблажэем, пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Патрыёт. by” Паўлам Смірновым, Крысцінай Юркевіч, прызёрам – Святланай Губар, лаўрэатам рэспубліканскага моладзевага фестывалю-конкурсу “Медыясфера-2022” Даніілам Івашэвічам і яго інтэрнэт-праектам “Я прапраўнук Ліпічанскага Сусаніна”. У Год гістарычнай памяці рэалізуецца раённы праект “Піянерыя-3D” па актывізацыі лідарства і творчага патэнцыялу праз самакіраванне.

Кіраўнік раёна пажадаў піянерам і моладзі Дзятлаўшчыны і надалей заставацца лепшым прыкладам для іншых.

Наталля Белаус заклікала ўдзельнікаў фестывалю памятаць, што ў Рэспубліцы Беларусь створана ўсё неабходнае, каб малады чалавек быў упэўнены ў заўтрашнім дні, а таму менавіта моладзі ствараць будучыню Радзімы, захоўваць гістарычную памяць і духоўную спадчыну продкаў.

Навучэнка Гезгалаўскай сярэдняй школы Анастасія Жамайтук, як прызёр абласнога этапу конкурсу “Лідар года-2022”, залатая медалістка, уладальніца гран-пры міжнароднага фестывалю-конкурсу “Вёска-фэст-2022”, падзялілася сакрэтамі сваіх поспехаў, сярод якіх – старанная работа і надзейная каманда.

Праграму фестывалю прадоўжыла інтэлектуальна-забаўляльная гульня “Піянерскі КВІз” і работа інтэрактыўных пляцовак у фае цэнтра. Тут можна было пазнаёміцца з “Летапісам піянерскага руху”, даведацца, якія “5 рэчаў неабходна зрабіць на фестывалі”, паўдзельнічаць у майстар-класах “Творчасць без межаў”, наведаць піянерскі прэс-цэнтр “Медыя-ПРА”, “павандраваць” па “Піянерыі – краіне дзяцінства”.

Экскурсійна-аглядавая праграма “Стагоддзе сяброўства, адзінства, дабра” з наведваннем экспазіцый музеяў гімназіі № 1, сярэдняй школы № 1, Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея азнаёміла ўдзельнікаў фестывалю з жыццём піянераў ХХ стагоддзя, іх подзвігамі ў часы Вялікай Айчыннай вайны, іншымі важнымі гістарычнымі фактамі.

Прыемным момантам свята стала падвядзенне вынікаў, узнагароджанне пераможцаў і лепшых піянерскіх дружын 2021-2022 навучальнага года. Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі піянерскія дружыны імя Яна Фогеля сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава і “Піянерская галактыка” Гезгалаўскай сярэдняй школы.

Наталля Белаус назвала фестываль “Стагоддзе сяброўства, адзінства, дабра” яркай і актыўнай падзеяй летніх канікулаў, якая аб’яднала на адной пляцоўцы добрых сяброў і лідараў, здольных “гарэць” любімай справай. Ідэі абмеркаваны, мэты пастаўлены – цяпер толькі наперад, да новых вышынь!

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga