Не спыняцца на дасягнутым

Важнае Грамадства

Такой стратэгіі ў сваёй дзейнасці трымаецца Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

Прафесійнае свята меліяратары раёна сустракаюць актыўнай працай і дастойнымі вынікамі. Набыткамі прадпрыемства падзяліўся яго дырэктар Віктар Адамчык:

– Калі аналізаваць апошнія два гады ў рабоце Дзятлаўскага ПМС, гэты перыяд стаў надзвычай спрыяльным для нас. Прадпрыемства заняло сваю нішу на рынку меліярацыйных і будаўнічых паслугаў, замацавалася ў тройцы лідараў па АУП “Гроднамеліявадгас”, пры гэтым у нас самая вялікая прадукцыйнасць працы і выручка на аднаго работніка. Такім высокім вынікам паспрыяла абнаўленне машынна-трактарнага парка: на працягу двух гадоў мы набылі больш за 20 машын і механізмаў па праграме прамагралізінгу, у бліжэйшай перспектыве – набыццё новага экскаватара. Гэта неабходна, бо за абнаўленнем – будучыня. Сёння прадпрыемства мае грунтоўны аб’ём работ, стабільнае фінансаванне, не выключаю, што летам будзем працаваць у дзве змены.

– Чым можа ганарыцца Дзятлаўскае ПМС?

– Сваімі работнікамі і паспяхова завершанымі праектамі. Толькі за апошнія два гады мы пабудавалі тры масты, актыўна ўводзім у строй меліярацыйныя збудаванні і іншыя будаўнічыя аб’екты. Мост па вуліцы Камсамольскай стаў ключавым момантам у гісторыі работы нашага прадпрыемства як сведчанне таго, што дзятлаўскім меліяратарам любая справа па сілах. Сёння мы актыўна працуем на чатырох меліярацыйных аб’ектах у КСУП “Хвінявічы”, ААТ “Дварэц-Агра” і ў Карэлічах. Пачынаецца сезон абкошвання, як правіла, рэнтабельны для прадпрыемства: для эфектыўнай работы мы набылі тры новыя касілкі і чатыры трактары. Акрамя таго, рашэннем Гродзенскага аблвыканкама Дзятлаўскае ПМС выбрана генеральным падрадчыкам на добраўпарадкаванні могілак у Гезгалах – гэта грунтоўны праект з добрым фінансаваннем. Аб’ёмаў работы на першае паўгоддзе і ліпень месяц хапае, тым не менш, мы ўжо сёння выходзім на гандлёвыя пляцоўкі і аўкцыёны ў пошуках перспектываў.

– У чым сакрэт зладжанай, прафесійнай і якаснай работы калектыву прадпрыемства?

– Відавочна, у тым, што я, як кіраўнік, не спадзяюся на тое, што прыедзе нехта з іншага рэгіёна і “ўратуе” прадпрыемства. На працягу многіх гадоў раблю стаўку на “сваіх” людзей, мясцовых жыхароў: падтрымліваем праходжанне спецыяльнай адукацыі і павышэнне кваліфікацыі работнікамі прадпрыемства, вітаем працоўныя дынастыі і сямейныя падрады ў калектыве, ствараем камфортныя і бяспечныя ўмовы працы (за дзесяцігоддзе практычна поўнасцю адрамантавана база прадпрыемства), абнаўляем тэхніку, не забываем пра матэрыяльны стымул, харчовыя бонусы і ўзнагароды для работнікаў і ветэранаў галіны да святочных датаў. Людзі цэняць працу меліяратара, з пашанай ставяцца да сваёй справы і арганізацыі – гэта, на маю думку, і ёсць ключ да поспеху.

Паважаныя меліяратары, калегі, нашы дарагія ветэраны!

Прыміце віншаванні з прафесійным святам – Днём меліяратара.

Мы адраджаем і якасна паляпшаем нашу зямлю, ствараем добрыя ўмовы для земляробства. Дзякуючы працы меліяратараў багацее прырода роднага краю, павышаецца ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур, больш інтэнсіўна асвойваюцца раней непрыдатныя для сельскай гаспадаркі землі.

Сёння дзяржаўнае прадпрыемства меліярацыйных сістэм “Дзятлаўскае ПМС” паспяхова спраўляецца з выкананнем меліярацыйных і будаўнічых работ, актыўна ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна. Усяму гэтаму спрыяе аснашчэнне самай сучаснай тэхнікай. Але асноўны наш рэсурс – гэта шчыра адданыя прафесіі ўмелыя і працавітыя людзі, якія штодня, і ў зімовую сцюжу, і ў летнюю спёку, эфектыўна выконваюць сваю работу.

Дзякуй за вашу працу! Хай капрызы надвор’я сур’ёзна не ўмешваюцца ў нашы меліярацыйныя справы. Ад усёй душы жадаю моцнага здароўя, вялікага асабістага шчасця, матэрыяльнага дабрабыту і далейшых прафесійных поспехаў.

З павагай дырэктар Дзятлаўскага ПМС Віктар Адамчык

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga