Роднай Беларусі – ад юных талентаў (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак

Чарговы навучальны год школы мастацтваў Дзятлаўшчыны завяршылі вялікім справаздачным канцэртам “У гонар Беларусі”, прымеркаваным да Года гістарычнай памяці.

– Шчасце, калі дзеці растуць пад мірным небам. Мне здаецца, што нашы дзеці самыя лепшыя і самыя таленавітыя. Вось паслухайце, як яны разважаюць пра музыку: “Музыка – гэта мой настрой, гэта мой сябар. Яна існуе для таго, каб усе мы сябравалі”, – павітала гледачоў вядучая канцэртнай праграмы і запрасіла на сцэну юных музыкантаў.

Гэтым вечарам, які сапраўды нагадваў сустрэчу добрых сяброў, у зале раённага цэнтра культуры не сціхалі апладысменты: жыхары раёна прыйшлі і прыехалі сюды парадавацца поспехам дзяцей.

Навучэнцы творчых навучальных установаў паказалі, наколькі разнастайным і нечаканым можа быць свет музыкі. З раённай сцэны гучалі інструментальныя нумары, дуэты і нават ансамблі музыкантаў, якія ў сваім юным узросце дасягнулі рэспубліканскіх і нават міжнародных музычных вяршыняў. Сваю творчасць прадставілі як добра вядомы ў нашым раёне ўзорны ансамбль “Зорачкі”, так і пачынаючыя калектывы “Віва” і “Гітарынка”.

Песні пра Беларусь, сяброўства, дабрыню выконвалі салісты, ансамблі і нават зводны дзіцячы хор Дзятлаўскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Ірыны Касацікавай.

Ярка заявілі пра сябе ўдзельнікі харэаграфічнага аддзялення, якія займаюцца на базе Казлоўшчынскага філіяла школы мастацтваў.

Педагогі, якія шмат працы, часу і цярпення прысвяцілі таленавітым вучням, сціпла засталіся “за кадрам”, яны шчыра радаваліся поспехам сваіх падапечных з глядзельнай залы. Аднак і тут не абышлося без сюрпрызаў. У канцэртнай праграме з фартэпіянным нумарам дэбютавала былая вучаніца, а сёння настаўніца Дзятлаўскай школы мастацтваў Паліна Верамейка.

– Далучыцца да неверагоднага свету музыкі вельмі проста, – запэўніла гасцей канцэрта яго вядучая. – Тым, хто пакуль не з намі, дастаткова запісацца ў школу мастацтваў і пачаць сваё неверагоднае падарожжа.

Наталля АВЯРЧУК
Фота,відэа Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: