Прышпілі сябе і сваіх пасажыраў

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Па-ранейшаму высокім застаецца ўзровень аварыйнасці па віне вадзіцеляў транспартных сродкаў.

Адным з элементаў пасіўнай бяспекі, які дазваляе значна знізіць узровень дарожна-транспартнага траўматызму, з’яўляецца выкарыстанне прадугледжаных канструкцыяй аўтамабіляў рамянёў бяспекі, у тым ліку і пасажырамі, якія знаходзяцца на задніх пасажырскіх сядзеннях у легкавых аўтамабілях, а таксама ў маршрутных транспартных сродках. Аднак практыка паказвае, што толькі каля 60 % вадзіцеляў і пасажыраў свядома выкарыстоўваюць рамяні бяспекі.

За кіраванне транспартным сродкам вадзіцелем, не прышпіленым рамянём бяспекі, або перавозку непрышпіленых пасажыраў, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу.

Неабходна памятаць, што перавозка дзяцей у легкавым аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі, павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем:

– дзіцячых утрымліваючых прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, – ва ўзросце да пяці гадоў;

– дзіцячых утрымліваючых прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, іншых сродкаў (бустараў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў, прадугледжаных канструкцыяй транспартнага сродку, – ва ўзросце ад пяці да дванаццаці гадоў.

Правільнае выкарыстанне рамянёў бяспекі скарачае колькасць загінулых на 45-50 %, а выкарыстанне сучасных трохкропкавых рамянёў зніжае рызыку на 70 %.

Калі большасць пасажыраў, якія едуць наперадзе, разумеюць, што прышпільвацца трэба, то на задніх сядзеннях часцей за ўсё робяць гэта неахвотна, спадзеючыся,што яны знаходзяцца ў большай бяспецы. На самой справе чалавек, які сядзіць ззаду, можа стукнуцца аб пярэдняе сядзенне, траўмаваць пасажыра або вадзіцеля, які сядзіць уперадзе ці нават вылецець праз ветравое шкло. Некаторыя пасажыры зашпільваюць рэмень толькі на жываце, аднак, як паказвае практыка, гэта тое самае, што не прышпільвацца. Правільна зашпілены рэмень павінен ісці праз грудзі і знізу таліі.

Па даных экспертнага цэнтра “Рух без небяспекі”, рэмень бяспекі памяншае наступствы аварыі:

– на пярэднім сядзенні ратуе жыццё пасажыра ў 50 % аварый;

– пры бакавым удары дазваляе ў 1,8 раза знізіць рызыку гібелі і цяжкіх траўмаў;

– пры лабавым удары – у 2 разы;

– у выпадку перакульвання аўтамабіля –  у 5 разоў.

Пры аварыі на хуткасці 80 км/г вага пасажыра павялічваецца ў 80 разоў, таму ўзрастае рызыка траўмавацца.

80 % тых, што сядзяць на пярэднім сядзенні, маглі б выжыць, калі б пасажыры ззаду былі прышпіленыя.

Андрэй ІСКРА,
дзяржаўтаінспектар міжраённага аддзела ДАІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga