Прайдзіце дарогамі герояў

Культура і адпачынак Свежыя навіны

У Год гістарычнай памяці я раю беларусам падарожнічаць па Бацькаўшчыне, і абавязкова наведваць музеі Вялікай Айчыннай вайны.

Музеі – гэта не проста ўстановы культуры, гэта храмы ўсенароднай памяці. Для нас і пра нас, для сучаснікаў і нашых нашчадкаў.

Прыязджаючы ў любы горад, я перш за ўсё імкнуся наведаць мясцовыя музеі.  Спытаеце: чаму? Таму што ў іх засяроджана і манументальна захавалася сама гісторыя старонкі, краю, рэгіёна. Гэта ўнікальныя энцыклапедыі: у іх нібы спынілася і адначасова жыве само дыханне часу. Асаблівы гонар, патрыятызм адчуваеш у ваенным музеі. І як добра, што залы, пакоі, экспазіцыі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, ёсць літаральна ва ўсіх гісторыка-патрыятычных музеях Беларусі. Больш таго, ваенныя экспазіцыі адкрыты ў многіх школах, не можа не радаваць, што там эксурсіі праводзяць юныя эксурсаводы. У такіх музеях Айчыны жыве праўда гісторыі.

У музеях  Беларусі мы бачым бясцэнныя рарытэты, знаёмімся з  хронікамі гародоў, пасёлкаў і вёсачак. Тут захоўваюцца ўспаміны салдат, партызанаў і падпольшчыкаў, вязняў канцлагераў.Перад наведвальнікамі паўстаюць як драмы асобных жыццяў, так і трагедыя ўсяго беларускага народа. Тут мы знаёмімся з тымі маленькімі перамогамі, з якіх складалася Вялікая Перамога. І як добра, што кожны рэгіён Бацькаўшчыны захоўвае гэтую святую памяць. Як самыя дарагія госці тут сёння і ветэраны вайны, якіх, на жаль, з кожным годам усё менш і менш.

Я раю кожнаму, хто падарожнічае па Беларусі, абавязкова наведваць ваенныя музеі, сур’ёзна  знаёміцца з калекцыямі, прыводзіць у іх сваіх дзяцей і унукаў.

Так, у горадзе над Дзвіной добра вядомы Віцебскі музей Героя Савецкага Саюза Міная  Шмырова. У ім можна даведацца  пра дзіцячыя і юнацкія гады М. П. Шмырова, пра арганізацыю і пашырэнне партызанскага руху, пра стварэнне 1-й Беларускай партызанскай брыгады, пра яе новыя фарміраванні (брыгады імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола і 1-й Віцебскай партызанскай брыгады). У музеі  захоўваюцца матэрыялыпра вызваленне Віцебска ў выніку аперацыі “Баграціён”.

Нядаўна мне пашчасціла пабываць у  Гомельскім музеі ваеннай славы. Шматлікія экспанаты тут адлюстроўваюць ваенную гісторыю рэгіёна. У музеі пастаянна арганізуюцца зменныя выставы, чытаюцца лекцыі з паказам кінахронікі, праводзяцца патрыятычныя акцыі, навукова-практычныя канферэнцыі, семінары. Гэта векапомны  цэнтрпатрыятычнага выхавання.

Завіталі мы з сябрамі і ў Лоеўскі музей бітвы за Днепр.Тут мы даведаліся пра фарсіраванне Дняпра на Гомельшчыне, што паклала пачатак вызвалення Беларусі.

Мне пашчасціла тройчы наведаць музей абароны Брэсцкай крэпасці. У фондах музея захоўваюцца ўнікальныя прадметы з раскопак, асабістыя рэчы, якія належалі абаронцам крэпасці.

У Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны я пабываў ужо чатыры разы. Сёння гэта адзін з найбуйнейшых ваенных музеяў, адзін з самых важных нацыянальных  цэнтраў патрыятычнага выхавання. Адметна, што  будынак складаецца з чатырох асноўных блокаў, якія сімвалізуюць чатыры гады вайны, чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь.

Прайдзіце дарогамі герояў!Падарожнічайце па ваенных музеях Бацькаўшчыны!

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: