На Дзятлаўшчыне адбыўся раённы этап рэспубліканскага фестывалю працоўных талентаў “Новыя імёны”, які “запаліў” на педагагічным небасхіле новыя творчыя зоркі.
Конкурс ладзіцца кожны год пад эгідай Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, каб выявіць і раскрыць творчыя здольнасці сярод членаў галіновага прафсаюза – прадстаўнікоў працоўных калектываў установаў адукацыі.
Удзельнікаў фестывалю, якія сёлета сабраліся ў актавай зале сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава з усіх школ раёна, павіталі начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі.
– Заўжды з радасцю наведваю падобныя мерапрыемствы, бо атрымліваю вялікую асалоду ад нефармальных стасункаў з калегамі, – адзначыла Наталля Сяргееўна. – Дзякуй вам за тое, што вы знайшлі ў сваіх працоўных калектывах людзей, здольных паказаць на ўзроўні вобласці, наколькі таленавітыя педагогі Дзятлаўскага раёна. Усім удзельнікам жадаю раскрыць у поўным аб’ёме свой патэнцыял і не спыняцца на дасягнутым. Удачы і натхнення!
Канкурсанты паказвалі сваё майстэрства ў песенным, арыгінальным, інструментальным жанрах, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. На жаль, сёлета не было прадстаўнікоў у харэаграфічнай секцыі, затое больш за ўсё заявілася аматараў палымянага слова: яны здзіўлялі гледачоў як выдатным пачуццём гумару , так і пранікнёным чытаннем паэтычных твораў. У Год гістарычнай памяці, напярэдадні 77-й гадавіны Вялікай Перамогі з раённай сцэны гучала нямала твораў, прысвечаных гераічнаму мінуламу нашай краіны, любімай Беларусі.
Імправізаваны вернісаж, які размяшчаўся тут жа ў актавай зале школы, сабраў вялікую колькасць работ у розных жанрах мастацтва.
Журы вызначыла лепшых у кожнай з намінацый. У аддзяленні “Вакал” пераможцам стала трыа з Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў саставе яго дырэктара Таццяны Ваніслаўчык, педагогаў Марыны Шаўчук і Святланы Андрунінай, на другой прыступцы п’едэстала замацавалася Іна Анушкевіч з Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, на трэцяй – Святлана Андруніна з сольным нумарам, якая прадстаўляла гімназію № 1 горада Дзятлава.
У намінацыі “Арыгінальны жанр” 1 месца заняла Таццяна Ваніслаўчык, якая ўразіла ўсіх чытаннем верша на ваенную тэму, 2 месца – у дырэктара Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы Аляксандра Васюкевіча, ён прадставіў на суд гледачоў вершаваны твор уласнага аўтарства, 3 месца – у Жанны Лазовік з Таркачоўскага дзіцячага сада.
У секцыі “Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” было столькі дастойных работ, што журы, параіўшыся, вызначыла па два бронзавыя і сярэбраныя прызёры. Дыпломам трэцяй ступені былі адзначаны Ганна Кузюк (Жукоўшчынскі дзіцячы сад-базавая школа) і Алена Пузач (сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава), другой ступені – Валерыя Кастусік (Новаяльнянская сярэдняя школа) і Кацярына Губко (Дзятлаўскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі), пераможцай стала сацыяльны педагог сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Вера Аляксеева, якая прадставіла гледачам і журы сваю калекцыю адзення.
Пераможцы раённага этапу фестывалю “Новыя імёны” прадставяць Дзятлаўшчыну на абласным. Жадаем ім творчых поспехаў і перамогі!
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga