Анатоль Дарожка правёў прыём грамадзян

Галоўнае Улада

4 чэрвеня ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце асабісты прыём жыхароў раёна і прамую тэлефонную лінію правёў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка.

Да Анатоля Андрэевіча звярнуліся два чалавекі, яшчэ адзін – патэлефанаваў на прамую тэлефонную лінію. Асабліва вострых пытанняў не прагучала: усе былі жыццёвыя і тычыліся такіх сфераў, як землеўпарадкаванне, якасць медыцынскага абслугоўвання, добраўпарадкаванне месцаў пахавання.

Першай на асабісты прыём прыйшла жыхарка райцэнтра, якую хваляваў стан яе здароўя. Жанчына расказала, што раней ужо праходзіла лячэнне ў абласной і раённай бальніцах, а цяпер хоча атрымаць накіраванне на праходжанне медыцынскага агляду ў рэспубліканскай установе аховы здароўя.

Анатоль Андрэевіч даў даручэнне галоўнаму доктару Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы ўжо сёння арганізаваць прыём для жанчыны ў раённага спецыяліста-медыка, які, калі будзе такая неабходнасць, выпіша заяўніцы накіраванне для агляду ў адной са сталічных клінік. Старшыня абласнога Камітэта дзяржкантролю паабяцаў дзятлаўчанцы, што будзе трымаць яе праблему на сваім кантролі і абавязкова пацікавіцца далейшым вырашэннем гэтага пытання.

Другую жыхарку райцэнтра хвалявала, ці не парушылі суседзі яе правы, калі будавалі агароджу на мяжы свайго і яе ўчасткаў. Жанчына ўжо ў гадах, дзеці жывуць у Расійскай Федэрацыі, таму яна і вырашыла звярнуцца па дапамогу ў Камітэт дзяржкантролю. Агучыла пенсіянерка і яшчэ некалькі пытанняў, напрамую звязаных з яе праблемай.

Анатоль Андрэевіч на ўсе даў дзятлаўчанцы тлумачэнні ў час асабістага прыёму, а прадстаўнікам кампетэнтных службаў даручыў яшчэ раз вывучыць хвалюючыя жанчыну пытанні.

Тэлефонны званок паступіў ад жыхара вёскі Пацаўшчына, што адносіцца да тэрыторый Дзятлаўскага сельсавета. Мужчына расказаў, што ў іх на вясковых могілках ажыццяўляецца выдаленне дрэваў і пакуль што самыя праблемныя з іх, якія пагражаюць помнікам, не выдалены. Заяўніка цікавіла, ці будзе работа даведзена да канца.

Старшыня абласнога Камітэта дзяржкантролю звязаўся са старшынёй Дзятлаўскага сельсавета Аляксандрам Маркушэўскім і пацікавіўся ў яго, за які тэрмін будуць выкананы ўсе работы. Даведаўшыся, што гэта адбудзецца праз два тыдні, Анатоль Дарожка выказаў намер абавязкова пабачыць вынікі добраўпарадкавання могілак у Пацаўшчыне.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga