Лепшы інтэрнэт-праект у Данііла Івашэвіча

Важнае Грамадства

14-15 красавіка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама прайшоў IV Рэспубліканскі моладзевы фестываль-конкурс “Медыясфера-2022”.

У Год гістарычнай памяці ключавая тэма работ удзельнікаў – “Мая зямля – зямля маіх бацькоў, маіх дзядоў і прадзедаў руплівых…” з некалькімі тэматычнымі напрамкамі. Яны прысвечаны гісторыі краіны, малой радзімы, жыццю суайчыннікаў і сям’і.

На конкурс сёлета было пададзена больш за 200 работ з усіх куткоў Беларусі, аднак у фінал прайшлі 55, адна з якіх – інтэрнэт-праект “Спадчына пакаленняў, ці Я – прапраўнук Ліпічанскага Сусаніна” навучэнца 10 “А” класа сярэдняй школы № 3 горада  Дзятлава  Данііла Івашэвіча.

Быў створаны інфармацыйны сайт аб подзвігу Іосіфа Філідовіча, больш вядомага як Ліпічанскі Сусанін. На старонках інтэрнэт-праекта апісаны падрабязныя падзеі, звязаныя з геройскім учынкам нашага земляка, успаміны відавочцы, размешчана інфармацыя аб мемарыялах Дзятлаўшчыны. Асаблівае месца займае матэрыял пра прадстаўнікоў кожнага з пакаленняў вялікай сям’і Філідовічаў-Івашэвічаў, апублікаваны фатаграфіі з сямейных фотаальбомаў.

Рэалізуючы праект, аўтар зрабіў акцэнт на важнасці захавання сувязі пакаленняў, бо ў тым, якімі мы выраслі і ў якім свеце жывём, заслуга старэйшага пакалення. Але незалежна ад часовых перыядаў мы імкнёмся да аднаго і таго ж: згуртаванасці, талерантнасці, узаемаразумення і павагі адзін да аднаго.

Тэматыка работы, граматнае прадстаўленне матэрыялу і валоданне інтэрнэт-тэхналогіямі паспрыялі стварэнню якаснага інфармацыйнага прадукту. У лістападзе 2021 года праект быў адзначаны дыпломам II ступені заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТРИОТ.by”.

І зараз, напярэдадні вялікага свята Перамогі, у Данііла новыя дасягненні. 14 красавіка, у час цырымоніі адкрыцця фестывалю “Медыясфера-2022”, была ўручана Падзяка ад Фонду садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням горада Масквы за захаванне гістарычнай памяці, а 15 красавіка конкурсная работа ўзнагароджана дыпломам І ступені ў намінацыі “Інтэрнэт-праект”.

Аўтар і кіраўнік праекта ўпэўнены, што дадзены праект будзе садзейнічаць арганізацыі выхаваўчага асяроддзя не толькі ва ўстанове адукацыі, але і ў раёне.

Кацярына ЛАТУШКА,
кіраўнік праекта, настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы №  3 горада Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga