Клопаты аграрыяў, прывядзенне ў парадак воінскіх пахаванняў і помнікаў землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, кантроль за фарміраваннем індэкса фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці, капітальныя і бягучыя рамонты будынкаў і дарог, праграмы святочных мерапрыемстваў – такі быў парадак дня чарговай штотыднёвай нарады ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Дождж “выбіў” з работы
Зірнеш за акно і разумееш, наколькі складана аграрыям гэтымі днямі. Белгідрамет ужо другі тыдзень без стомы раздае аранжавыя карткі за штодзённы дождж – у красавіку на Дзятлаўшчыне выпала двухмесячная норма ападкаў. На дзевяць “пасяўных” дзён адстаюць зараз сельгаспрадпрыемствы раёна.
– Пераразмяркоўвайце рэсурсы, арганізоўвайце дадатковыя працоўныя змены на пасяўную, для гэтага ў нашых гаспадарках дастаткова і тэхнікі, і людзей. Падрастаюць травы – актывізуйце выпас жывёлы. На маладым сакавітым травастоі пры адпаведнай арганізацыі выпасу, збалансаванні рацыёну па іншых кармах можна і патрэбна атрымліваць ад каровы максімальную прадукцыйнасць, – абазначыў задачы старшыня райвыканкама свайму першаму намесніку – начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталію Шулейку.
У сувязі са скарачэннем статку буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках раёна, цяпер ён меншы за 29 тысяч галоў, будзе прыспынена рэалізацыя маладняку. Утрымаць і ўзнавіць статак – пастаўлена кіраўніком раёна задача спецыялістам па жывёлагадоўлі.
Ні засаўкі, ні плоту
Намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Ігар Хітро ўзняў чарговую праблемную тэму ў арганізацыях аграпрамысловай галіны. У рэйд па фермах КСУП “Войневічы” адправіліся праваахоўнікі на мінулым тыдні, на дзвюх не знайшлі ні вартаўніка, ні работнікаў, ні агароджы, нават тэхпамяшканні былі не зачынены на замок.
– Зразумела, што любы аб’ект, маёмасць у ім, таварна-матэрыяльныя каштоўнасці павінны ахоўвацца. Якім чынам: вартавымі ці пры дапамозе відэаназірання – гэта ўжо іншая тэма, але парадак павінен быць, – пагадзіўся Андрэй Садоўскі і ўзяў сітуацыю на кантроль.
Іншыя тэмы коратка
На гэтым тыдні будзе вызначаны падрадчык на капітальны рамонт дома № 26 па вуліцы Перамогі ў Дзятлаве. Завяршаецца рамонт па вуліцы Міцкевіча, 4А ў райцэнтры. Былы інтэрнат у Казлоўшчыне “падбірае” будучых жыльцоў з ліку жыхароў раёна, зарэгістраваных у якасці маючых патрэбу ў жыллі.
****
Ямачны рамонт вуліц горада і пасёлкаў працягваецца: 2,5 тоны асфальту палажылі камунальнікі на мінулым тыдні, больш пакуль не дазволіла дажджлівае надвор’е.
****
На свята Першамая дзятлаўчан і гасцей горада чакае шэсце калоны працоўных калектываў; ушанаванне перадавікоў вытворчасці, занесеных на Дошку гонару, і таленавітай моладзі; узнагароджанне прадстаўнікоў установаў адукацыі за патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення; першынство раёна па футболе “Скураны мяч”; фестываль дзіцячай эстраднай творчасці “Шлях да поспеху” і многае іншае.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga