У памяці пакаленняў, у сэрцы кожнага

Галоўнае Улада

Дзятлаўшчына далучылася да рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Памяць”, прысвечанай трагедыі Хатыні, спаленай разам з жыхарамі 22 сакавіка 1943 года, і ўсіх беларускіх мястэчак, якія раздзялілі яе лёс у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Каля мемарыяла “Дзеці ліхалецця” ў Дзятлаве прайшоў мітынг-рэквіем.

Каб ушанаваць памяць землякоў, якія сталі ахвярамі фашыстаў у страшныя ваенныя гады, на свяшчэнным для  дзятлаўчан месцы сабраліся прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў райцэнтра, духавенства, вучні школ горада.

Да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Сёння няма чалавека, які б не ведаў і не чуў слова “Хатынь”. Назва невялікай беларускай вёскі стала сімвалам трагедыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду насельніцтва Беларусі. Страшны лёс спаленай вёскі раздзялілі больш за 9 тысяч мястэчак Беларусі, у іх ліку і населеныя пункты Дзятлаўскага раёна. Нават праз гады пачуцці болю і смутку аб тых страшных падзеях не суціхаюць. Яны назаўжды застануцца для ўсіх напамінам пра тое, як важна цаніць, захоўваць мір і згоду ў грамадстве.

– Мы шануем подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў у Вялікай Айчыннай вайне як свяшчэнны і ўзносім малітву за супакой душы загінулых беларусаў, – заўважыў у час выступлення клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч.

Настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула заклікаў знайсці ў сваім сэрцы дабрыню і любоў, каб не дапусціць новых канфліктаў у свеце.

Разам з вядучымі Наталляй Маліноўскай і Аляксандрам Раеўскім удзельнікі мітынгу яшчэ раз перагарнулі трагічныя старонкі гісторыі нашага раёна, якія адгукаюцца болем у сэрцы кожнага дзятлаўчаніна. Вялікая Воля, Малая Воля, Трахімавічы, Дубраўка, Дубароўшчына, Гарадкі, Пушча Ліпічанская – нашы Хатыні, якія былі знішчаны карнікамі разам з мірнымі жыхарамі. Пранікнёнай музычнай кампазіцыяй Ганна Харлінская нагадала прысутным: мір на зямлі трымаецца на сэрцах маці, якія ва ўсе часы перажываюць за сваіх дзяцей.

Ніколі не забываць аб страшных старонках нашай гісторыі, перадаваць яе наступным пакаленням, каб не паўтарыць трагічныя падзеі тых гадоў – прынцыпова важна для кожнага з нас. У пацверджанне гэтага дзятлаўчане ўшанавалі памяць ахвяраў генацыду хвілінай маўчання, усклалі кветкі і вянкі да мемарыяла.

Наталля АВЯРЧУК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: