Крымінальная хроніка. Здарэнні двух мінулых тыдняў

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 28 лютага па 13 сакавіка 2022 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 129 паведамленняў, 9 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 43 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 77 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 67 правапарушальнікаў, узбуджана 7 крымінальных спраў.

Сякера як аргумент

Крымінальная справа ўзбуджана на жыхара адной з вёсак нашага раёна. На падворку свайго дома мужчына высвятляў адносіны з двума дарослымі сынамі. На жаль, у якасці галоўнага аргумента было не важкае бацькоўскае слова, а сякера і манціроўка, хапаючыся за якія, бацька пагражаў расправай сваім дзецям.

І праз дзверы, і праз акно

Двое жыхароў гарадскога пасёлка ў пошуках нажывы наведаліся ў домаўладанне зямлячкі. Выставіўшы аконную раму, скралі з дома 2 газавыя балоны, 2 алюмініевыя бідоны, тэлевізар “Віцязь”. У гаспадарчай пабудове злодзеям пашанцавала больш: яна была незамкнёнай, у выніку гаспадыня недалічылася яшчэ і двух веласіпедаў. Узбуджана крымінальная справа.

Крадуць з нежылых дамоў

Першы крадзеж зарэгістраваны ў вёсцы Нарбутавічы. Невядомы злодзей наведаўся ў нежылы дом яшчэ ў лютым, а ў сакавіку гаспадары расказалі міліцыі, што ў іх зламалі дзверы, вынеслі радыё “Гародня”, рушнікі, шампанскае, гарэлку на 115 рублёў.

Падобны крадзеж з узломам замка зімой адбыўся ў вёсцы Зачэпічы. Там скрадзены катушка металічнага дроту і няспраўны матацыкл агульным коштам 361 рубель.

Міліцыя просіць грамадзян, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці гэтых злачынстваў, паведаміць на нумар 102 або ўчастковаму інспектару міліцыі.

Замест футра – падман

Жыхарка гарпасёлка нашага раёна ў сацыяльнай сетцы “Instagram” на старонцы “Mena.for.you” перапісвалася з прадаўцом футра, якое пажадала набыць. Жанчына была вельмі расчаравана, калі замест доўгачаканай пакупкі пазбавілася 1317 рублёў на сваім рахунку. Узбуджана крымінальная справа.

Дыхніце ў трубачку

У час праверкі нецвярозымі на працоўных месцах былі два работнікі розных гаспадарак раёна: на мужчыну-жывёлавода складзены адміністрацыйны пратакол, жанчына-аператар машыннага даення афіцыйна папярэджана аб недапушчэнні такіх паводзінаў у далейшым.

Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: