Другі год запар Дзятлаўскі раён стаў пераможцам конкурсу ў намінацыі “Лепшы раён Гродзенскай вобласці для бізнесу Беларусі-2021” (з колькасцю насельніцтва менш за 50 тысяч чалавек).
У рамках рэспубліканскага дзелавога форуму “Развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі: Кансалідацыя. Стратэгія і тактыка», які прайшоў у Мінску, адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Лепшы горад (раён) і вобласць для бізнесу Беларусі-2021”.
Імі сталі лепшыя рэгіёны нашай краіны з найбольш развітой дзелавой актыўнасцю і самымі спрыяльнымі ўмовамі для развіцця прадпрымальніцтва. У конкурсе прыняў удзел 141 рэгіён краіны.
Штогадовае спаборніцтва праводзіць Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва сумесна з галіновымі і рэгіянальнымі асацыяцыямі. Мэта – выявіць рэгіёны з найбольш аптымальнымі ўмовамі для развіцця прадпрымальніцтва і далейшага ўмацавання яго станоўчага іміджу з дапамогай адпаведнага інфармацыйнага забеспячэння.
– Якім чынам выбіраліся пераможцы? – пытаюся ў начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Вольгі Жэлезоўскай, якая атрымлівала ўзнагароду.
– Вызначэнне лепшых рэгіёнаў для бізнесу ажыццяўлялася па дзесяці асноўных намінацыях і трох дадатковых. У адпаведнасці з паказчыкамі па кожнай намінацыі прысвойваюцца балы і вызначаецца сумарны вынік.
У прыватнасці, ацэньвалася колькасць дзеючых суб’ектаў гаспадарання, аб’ём падаткаў, якія збіраюцца ад суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, удзельная вага створаных новых рабочых месцаў, колькасць дзеючых суб’ектаў гаспадарання малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва, колькасць суб’ектаў гаспадарання малога і сярэдняга прадпрымальніцтва – пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў, тэмп росту гэтых паказчыкаў да аналагічнага перыяду мінулага года.
– Якія ўражанні ад перамогі?
– Вельмі прыемна і ганарова. На цырымоніі ўзнагароджання “суседзі” ў зале здзіўляліся, што Дзятлаўшчына зноў у лідарах такога прэстыжнага спаборніцтва, нават цікавіліся нашымі сакрэтамі. Мы пастараемся і ў далейшым трымаць планку, не здаваць пазіцый.
– Дык у чым сакрэт дзятлаўскага бізнес-цуда?
– У стабільнай выніковай рабоце прыватных прадпрыемстваў раёна, іх ініцыятыўнасці. На Дзятлаўшчыне сёння дзейнічаюць прадпрыемствы “Ізакам” і “Ізакам-Пласт”, “Белтэрміз”, “Чатыры сонцы”, “Суперпак Інвест”. Добра паказала сябе прадпрыемства ТАА “Белсалес” з удзелам польскага капіталу. Важкі ўклад у перамогу зрабілі вядомыя ў Беларусі і за яе межамі санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, яны таксама адносяцца да сферы прыватнага бізнесу.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga