Хто мае права на пенсію за асаблівыя заслугі?

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама часта звяртаюцца жыхары Дзятлаўшчыны, якіх хвалююць пытанні, у тым ліку па пенсійным забеспячэнні.

Адказвае намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.

Пытанне: хто мае права на пенсію за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь?

Адказ: на яе могуць разлічваць грамадзяне, якія жывуць на тэрыторыі нашай краіны і атрымліваюць пенсію па ўзросце ці за выслугу гадоў па дасягненні агульнавызначанага пенсійнага ўзросту; якія атрымліваюць пенсію па інваліднасці – незалежна ад узросту, і маюць асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь.

Пералік такіх асобаў вызначаны Палажэннем аб пенсіях за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь і дастаткова абмежаваны. Яна можа прызначацца Героям Беларусі, Героям Савецкага Саюза, Героям Сацыялістычнай працы. Таксама на яе могуць прэтэндаваць грамадзяне, узнагароджаныя ордэнамі Айчыны трох ступеняў, ордэнамі “За службу Радзіме” трох ступеняў, ордэнамі Славы трох ступеняў, ордэнамі Працоўнай Славы трох ступеняў, ордэнамі “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” трох ступеняў, грамадзяне, узнагароджаныя трыма і больш ордэнамі Рэспублікі Беларусь і (ці) СССР. Сярод прэтэндэнтаў – жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі 9 і больш дзяцей і адзначаны адной з наступных узнагародаў СССР або Рэспублікі Беларусь: ордэнам Маці, медалём “Медаль мацярынства”, ордэнам “Мацярынская слава”, ордэнам “Маці-гераіня”. Пенсія за асаблівыя заслугі ўстанаўліваецца і грамадзянам, удастоеным ганаровых званняў Рэспублікі Беларусь, БССР ці СССР (народны, заслужаны), лаўрэатам Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь, БССР, Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР, грамадзянам, якія займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады Рэспублікі Беларусь, членам Урада, старшыням аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама – пасля спынення імі работы на гэтых пасадах. Да ліку заслужаных адносяцца пераможцы і прызёры Алімпійскіх, Паралімпійскіх, Дэфлімпійскіх гульняў, чэмпіёны свету і Еўропы, а таксама камандзіры, камісары, начальнікі штабоў партызанскіх брыгад і атрадаў.

Пытанне: які парадак прызначэння пенсіі за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь?

Адказ: такая пенсія ўстанаўліваецца камісіяй па ўстанаўленні пенсій за асаблівыя заслугі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе хадайніцтва і пераліку неабходных дакументаў. Хадайніцтвы прадастаўляюць рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Ураду, аблвыканкамы (Мінскі гарвыканкам), кіруючыя органы рэспубліканскіх грамадскіх і рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб’яднанняў (саюзаў). Пры гэтым улічваецца меркаванне працоўнага калектыву, у якім працуе грамадзянін. Хадайніцтва аб устанаўленні пенсіі за асаблівыя заслугі разглядаецца ў месячны тэрмін. Рашэнне камісіі паведамляецца органу, які хадайнічаў, не пазней чым праз 5 дзён пасля яго прыняцця. Яно можа быць перагледжана пры з’яўленні новых (дадатковых) звестак аб асаблівых заслугах грамадзяніна, а таксама пры ўзнагароджанні грамадзяніна ордэнам ці медалём Рэспублікі Беларусь (за выключэннем юбілейнага).

Пытанне: які памер пенсіі за асаблівыя заслугі?

Адказ: пенсія за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь устанаўліваецца ў памеры пенсіі па ўзросце, па інваліднасці ці за выслугу гадоў і павышэння за асаблівыя заслугі. Памер гэтага павышэння вызначае камісія ў кожным канкрэтным выпадку з улікам заслугаў грамадзяніна, і ён не можа перавышаць 250 % мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. Памер пенсіі за асаблівыя заслугі можа быць перагледжаны ў частцы яго павелічэння пры з’яўленні новых (дадатковых) звестак, а таксама пры ўзнагароджанні ордэнам ці медалём Рэспублікі Беларусь (за выключэннем юбілейнага).

Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga