Эканамісты, лагісты, таваразнаўцы

Важнае Грамадства

Прафарыентацыйная акцыя “Дзень з прадпрыемствам” прайшла на Дзятлаўшчыне.

Наш раён наведалі выкладчыкі Гродзенскага каледжа эканомікі і кіравання Белкаапсаюза Вольга Гапонік і Святлана Лайкава.

Яны пабывалі ў сярэдніх школах № 1 і № 3, гімназіі № 1 горада Дзятлава, Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, дзе навучэнцам 9-11 класаў расказалі пра спецыяльнасці, якія можна атрымаць у каледжы. На выбар абітурыентаў – гэта “бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “таваразнаўства харчовых і нехарчовых тавараў”, “эканаміст па маркетынгу”, “аперацыйны лагіст”, “эканаміст”, “тэхнік-эканаміст”. Залічэнне ў каледж праходзіць без уступных экзаменаў, навучанне – платнае, іншагароднім прадастаўляецца інтэрнат, будучыя кадры рыхтуюцца для работы ў сферы гандлю і кантролю вытворчасці. Выкладчыкі ўстановы таксама завастрылі ўвагу старшакласнікаў на тым, што, як сведчыць практыка, пасля заканчэння каледжа жадаючыя прадоўжыць вучобу паказваюць амаль 100 % вынік пры паступленні ў галіновыя ВНУ на скарочаную форму навучання.

Галоўны спецыяліст аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Ірына Баравік адзначыла, што эканамісты і бухгалтары запатрабаваны ў нашым раёне, таму выпускнікоў каледжа і вышэйшых навучальных установаў Белкаапсаюза чакаюць на малой радзіме. Паколькі навучанне платнае, то маладыя спецыялісты, якія яго праходзілі не па накіраванні, атрымаюць свабодныя дыпломы. Такім людзям без папярэдняга вопыту, часам, бывае складана працаўладкавацца, аднак на Дзятлаўшчыне рэалізоўваецца праграма дзяржаўнай падтрымкі з частковай кампенсацыяй затрат для наймальніка на аплату працы падобных маладых спецыялістаў, а гэта цудоўная магчымасць для набыцця вопыту практычнай работы.

Старшакласнікі, вядома ж, пацікавіліся ў гасцей, якой можа быць заработная плата ў прафесіі. Аказалася, што яна дастойная, напрыклад, па такім “модным” і запатрабаваным у буйных гарадах кірунку, як лагістыка, спецыяліст можа зарабляць ад 1200 рублёў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: