Як у Дзятлаве Калядкі гулялі

Галоўнае Культура і адпачынак

У светлае свята Нараджэння Хрыстова дзятлаўчане ўзгадалі не толькі рэлігійныя, але і народныя традыцыі, сустрэўшы яго па старадаўнім беларускім абрадзе.

“Калядныя забавы” на плошчы 17 Верасня райцэнтра сталі сапраўдным сямейным святам.  Ладзілі мерапрыемства работнікі культуры з усяго Дзятлаўскага раёна. Яны прывезлі з сабою добрыя песні, вясёлыя гульні і аўтэнтычныя традыцыі нашых продкаў.

Сустрэць свята, разам павесяліцца ад душы гасцей запрасілі гаманкія кабеты ў народных строях – Марына Лукіянец і Таццяна Дудкіна. На працягу ўсяго гуляння яны нікому не далі засумаваць: разам з Пеўнем паваражылі дзяўчатам і дзяўчынкам на суджанага, нагадалі народныя калядныя прыкметы і раздалі прызы самым актыўным.

У госці да дзятлаўчан прыехала вядомая ў раёне тэатр-студыя гульні “Суседзі”. Яе ўдзельнікі прыбылі на свята па ўсіх народных беларускіх канонах: з каляднай зоркай, Мядзведзем, Буслом і Казою-дзеразою. Малеча і дарослыя ад душы весяліліся пад музыку разам з казачнымі героямі, танцавалі, бегалі, вадзілі карагоды і нават кідалі лапці.

На працягу ўсяго свята з зімовай раённай сцэны гучала шмат добрых народных і аўтарскіх песень у выкананні народнага калектыву “Ятранка”, вакальнай групы Дварэцкага дома культуры, Іны Юганавай, Івана Кашко, Чэслава Свіба, Ірыны Бакшук.

Прыемным бонусам народнага гуляння сталі гандлёвыя кропкі, дзе госці свята набывалі пачастункі і сувеніры.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga