Розныя лёсы пад адным дахам

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Гісторыя Казлоўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна бярэ пачатак у красавіку 2008 года.

За час свайго існавання ўстанова стала “родным куточкам” для дзясяткаў людзей, якім патрэбна дапамога. Вось і цяпер аддзяленне запоўнена – дае прытулак, адпаведны нагляд, збалансаванае харчаванне і магчымасць жыць сярод зацікаўленых людзей трыццаці пацыентам.

Як тут жывецца і працуецца, як адзначаюцца святы і праходзяць будні, мы пацікавіліся ў загадчыцы ўстановы Валянціны Белай.

– Калектыў у нас невялікі – усяго 11 работнікаў, затое згуртаваны і правераны часам. Я вельмі ганаруся сваімі спецыялістамі, давяраю ім на сто працэнтаў, – зазначае Валянціна Вікенцьеўна. – У свой час шмат увагі надала падбору кадраў. Кожнаму прэтэндэнту на працаўладкаванне заглядала ў вочы, уважліва назірала за паводзінамі, бо старалася зразумець, ці зможа працаваць з пажылымі людзьмі і інвалідамі, ці наш гэта чалавек, наколькі ў яго хопіць цярпення і дабрыні. У нашай рабоце гэта важна, бо старыя людзі, як дзеці, не могуць адчуваць сябе камфортна без пяшчоты і разумення.

Я вельмі люблю і цаню сваіх падначаленых за працавітасць, сумленнасць, дабразычлівасць. У нас не зможа надоўга затрымацца лянівы і абыякавы, бо сацыяльны работнік павінен любіць людзей, імкнуцца ім дапамагчы, мець цярпенне і глыбокую павагу да грамадзян сталага веку. Калі ты не спачуваеш старасці і нямогласці – табе ў гэтай службе не месца. Таксама трэба быць тонкім псіхолагам, каб не толькі ўлічыць фізічныя і духоўныя патрэбы падапечных, але захаваць мір і гармонію жыцця пад адным дахам, а варта сказаць, што ў аддзяленні сабраны людзі розных лёсаў і характараў.

– Хто найчасцей трапляе ў вашу ўстанову?

– Бывае па-рознаму, але пераважна гэта адзінокія людзі, якія ўжо не здольны спраўляцца з цяжкасцямі жыцця. Некаторыя пажылыя грамадзяне знаходзяцца тут зімой, пакуль не скончыцца ацяпляльны сезон, а потым вяртаюцца ў свае хаты. Ёсць і іншая катэгорыя – тыя, у каго струхнелі дамы, сталі непрыгоднымі для нармальнага жыцця. Некаторыя трапляюць да нас з-за фізічнай слабасці, калі ўжо не могуць заставацца жыць у вёсцы, самастойна спраўляцца з бытавымі цяжкасцямі.

Дарэчы, сярод нашых насельнікаў ёсць і старажылы, якія засяліліся яшчэ ў час адкрыцця аддзялення. Сярод іх Юлія Гульнік, 1918 года нараджэння, якая сёлета адсвяткавала свой векавы юбілей, тым не менш, бабуля яшчэ вяжа без акуляраў.

Нядаўна (мяркую, таксама на пастаяннае жыхарства) да нас засяліліся маці і сын, абодва інваліды, прычым жанчына сляпая. Прыкладна такія жыццёвыя дарогі прыводзяць людзей у наша аддзяленне, якое становіцца для іх другім домам, не менш утульным і камфортным, чым родны.

– Раскажыце пра выгоды вашай установы.

– Сярод іх, безумоўна, усе бытавыя зручнасці, даўрачэбная дапамога, збалансаванае чатырохразовае харчаванне. За разнастайнасцю і каларыйнасцю страваў, забеспячэннем харчовых нормаў па розных катэгорыях прадуктаў сочыць спецыяліст аддзялення. Доўгі час на гэтай пасадзе працавала Соф’я Матылевіч, якую не магу не ўзгадаць, бо гэта добрай душы чалавек, які зрабіў значны ўклад у жыццё ўстановы. А літаральна нядаўна мы вырашылі ўстанавіць на камп’ютар спецыяльную праграму, якая дапаможа новаму спецыялісту складаць меню, бо работа гэта працаёмкая і адказная.

Шмат увагі надаецца здароўю пацыентаў аддзялення. Нашы работніцы кантралююць іх ціск, пры больш сур’ёзных скаргах – падключаюць дактароў, якія аператыўна наведваюць хворых, бо мясцовыя паліклініка і бальніца знаходзяцца з намі ў адным будынку. Асабліва мы ўдзячны за супрацоўніцтва доктару Казлоўшчынскай бальніцы Таццяне Туровіч, якая адгукаецца на ўсе нашы просьбы і пажаданні. Яна вельмі чулы і ўважлівы чалавек, граматны спецыяліст.

У фае нашай установы ёсць мяккі куток і пакаёвыя расліны. Гэта зона адпачынку, дзе нашы падапечныя могуць пасядзець, паглядзець тэлевізар ці проста паразмаўляць. Тут жа мы збіраемся ў час святаў і візітаў гасцей. Сярод нашых добрых сяброў – мясцовыя святары айцец Георгій Ярмоліч і ксёндз Андрэй Пышынскі, а таксама навучэнцы нядзельнай школы, якая функцыянуе пры царкве. Яны прыходзяць павіншаваць жыхароў аддзялення з Нараджэннем і Уваскрэсеннем Хрыстовым, Пакровамі. Частымі гасцямі ўстановы з’яўляюцца клубныя работнікі пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Міскевіча. Сябруем мы і з аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык”. Прыходзяць да нас і работнікі бібліятэкі, ладзяць кніжныя выставы. Дарэчы, сярод нашых падапечных ёсць актыўныя чытачы. Напрыклад, Таццяна Сідорчык ведае шмат вершаў і заўсёды ў курсе палітычных падзеяў. Яўген Саўко праяўляе інтарэс да мастацкай літаратуры. Мікалай Фралоў выпісвае “Аргументы і факты” і не можа сядзець без справы. Амаль у кожнага падапечнага свае звычкі і захапленні.

– А як у аддзяленні праходзяць будні?

– За рабочымі клопатамі. Раніцы, як правіла, найбольш загружаныя, бо на іх прыпадае асноўная частка справаў: прыбрацца, узгадніць меню, завесці на прыём у паліклініку тых, каму гэта неабходна, выслухаць пажаданні падапечных. Большасць турботаў па доглядзе пацыентаў і падтрымцы чысціні ў аддзяленні ляжыць на плячах нашых малодшых медыцынскіх сёстраў: Жанны Якаўчык, Галіны Нічыпаровіч, Тамары Альшэўскай, Алены Пігульскай, Галіны Бяляўскай. Яны працуюць пазменна і маюць вялікі фронт работ: прыбіраюць калідоры, пакоі, санвузлы, сочаць за гігіенай падапечных – дапамагаюць ім памыцца, пераапрануцца, мяняюць пасцельную бялізну. Ноччу, у выхадныя і святочныя дні ў аддзяленні таксама дзяжурыць адна малодшая медсястра. Гэта добрасумленныя, адказныя, працавітыя работніцы, якія шмат фізічных сілаў і душэўнай энергіі аддаюць сваёй справе.

Шмат абавязкаў і ў нашага сацыяльнага работніка Алены Барук. Яна раздае сняданкі і абеды ў сталоўцы аддзялення, мые посуд, набывае для бабуляў і дзядуляў лекі, выводзіць на прагулку тых, хто сам не здольны спусціцца ўніз, на заказ купляе прадукты ў аўталаўцы. Да кожнага падапечнага ў яе свой падыход.

Кладаўшчык аддзялення Дзіяна Вакуленка адказвае за якасць харчовых прадуктаў і тэрмін іх захавання, мыццё і рамонт бялізны і іншыя гаспадарчыя справы. Яна вельмі акуратная, дысцыплінаваная і адказная, што пацвярджае працоўная практыка і адсутнасць заўвагаў з боку кантралюючых службаў.

Прыгажосць на прылеглай да аддзялення тэрыторыі падтрымліваюць нашы рабочыя па рамонце і абслугоўванні будынка, яны ж адказваюць за падвоз харчовых прадуктаў. Гэта таксама надзейныя людзі.

– Што пажадаеце свайму калектыву і спецыялістам раёна да 100-годдзя службы?

– У першую чаргу, моцнага здароўя, бязмежных цярпення і дабрыні, без якіх не можа абысціся сацыяльная служба, бо чалавечы фактар для нас вызначальны. Мяркую, што і яшчэ праз сто гадоў сацыяльных работнікаў не змогуць замяніць нават самыя дасканалыя тэхналогіі. Радуе, што пашыраюцца і ўдасканальваюцца формы сацыяльнай падтрымкі насельніцтва: адкрываюцца крызісныя пакоі, дамы сумеснага пражывання, практыкуюцца гасцявыя сем’і для састарэлых. Наша служба імкнецца дайсці да кожнага, хто мае ў гэтым патрэбу.

Жадаю сваім калегам поспехаў у гэтай нялёгкай, але высакароднай справе. Шчасця вам і ладу ў сем’ях, падтрымкі і разумення блізкіх, гармоніі ў душах. Асаблівыя словы віншавання – нашаму кіраўніку, чалавеку з невычэрпнай энергіяй, скіраванай на добрыя справы, Таццяне Нікіпорчык.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *