Новы год – свята сямейнае

Важнае Грамадства

У зімовым марозным паветры лётае адчуванне надыходзячых святаў, а на вуліцах і ў калектывах Дзятлаўшчыны ўсё больш размоваў пра падрыхтоўку, сустрэчу Новага года і Калядаў.

Нашы землякі падзяліліся сваімі традыцыямі, рэцэптамі любімых страваў і акалічнасцямі сустрэчы гэтых святаў.

–Без чаго, па-вашаму, немагчымы сапраўдны Новы год?

Ганна Глубокая:

– Новы год не будзе сапраўды вясёлым без сям’і або проста добрай кампаніі. Я заўсёды сустракаю гэта свята са сваімі роднымі людзьмі. Для нас атрыбуты Новага года – гэта мандарыны з шампанскім, бенгальскія агні, тэлевіншаванне Прэзідэнта, багата накрыты стол, абавязкова з новымі цікавымі салатамі.

– Падзяліцеся рэцэптам сямейнай навагодняй стравы.

Ала Трубко:

– Кожны Новы год усе разам мы гатуем курыцу на бутэльцы, якая на смак атрымліваецца так, як курыца-грыль. Гэта страва для цярплівых, але яно таго варта. Для прыгатавання курыцу сярэдніх памераў за паўсутак замочваем у марынадзе, затым націраем соллю і спецыямі, насаджваем на бутэльку, напоўненую вадой, і ставім у патэльні ў духоўку (туды будзе сцякаць сок з курыцы). Запякаць на сярэднім агні трэба не менш за паўтары гадзіны, да карычневай скурачкі. Мае любімыя мужчыны, муж і сын, з задавальненнем дапамагаюць мне гатаваць гэту страву і частуюцца ёю ад душы. Курыцу можна падаваць да святочнага стала ўпрыгожанай, гарачай або халоднай, няма розніцы. Смачна есці і добрых святаў!

– Якія навагоднія традыцыі жывуць у вашай сям’і?

Марына Янушкевіч:

– Мы вельмі любім навагоднія святы, асабліва Нараджэнне Хрыстова. Наведваем касцёл, па-святочнаму ўпрыгожваем дом. Яшчэ ад нашых бацькоў перанялі беражлівае стаўленне да прыроды і традыцыю ставіць у доме штучнае навагодняе дрэва. Сёлета муж зрабіў для нас драўляную трохкутную экаёлачку, якую мы разам упрыгожылі. У святочныя дні абавязкова наведваем сваіх родных, асабліва тых, хто жыве адзін, адвозім ім гасцінцы. Тым, хто жыве далёка, адпраўляем віншавальныя паштоўкі. У навагоднюю ноч разам садзімся за святочны стол і жадаем адзін аднаму дабра, радасці і любові, загадваем жаданні на год новы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga