Аляксандр Ляўковіч: “Міжнародныя дабрачынныя арганізацыі могуць дапамагчы бежанцам”

Галоўнае Грамадства

Праблема мігрантаў з Блізкага Усходу на беларуска-польскай мяжы, якая з кожным днём перарастае ў крызіс, не пакінула раўнадушных сярод беларусаў.

Сваё меркаванне аб каранях праблемы і шляхах паляпшэння сітуацыі выказаў педагог, гісторык, палітолаг Аляксандр Ляўковіч:

Праблема бежанцаў узнікла не сёння, а прыкладна пяць-шэсць гадоў таму, бо Еўрасаюз вырашыў прыняць у сябе частку бежанцаў. З аднаго боку, гэта быў акт аказання дапамогі людзям з Блізкага Усходу і Афрыканскага кантыненту, з другога – вырашэнне праблемаў саміх еўрапейцаў. У Еўрасаюзе ўжо каля 20 гадоў назіраецца адмоўны прырост насельніцтва, людзі старэюць, пры гэтым існуе шэраг спецыяльнасцяў, працаваць па якіх мясцовае насельніцтва не мае жадання, у прамысловасці таксама назіраецца недахоп рабочых рук. Мігранты імкнуліся ў такія краіны, як Германія, Вялікабрытанія, Францыя, Швецыя, дзе высокі ўзровень жыцця і вялікая сацыяльная падтрымка бежанцаў на дзяржаўным узроўні. Іншая справа, як людзям было трапіць у краіны, куды іх запрасілі. У 2015 годзе ў сілу розных гучных падзей на сусветнай палітычнай арэне колькасць мігрантаў рэзка павялічылася, і гэта стала сапраўднай праблемай для краін, праз якія яны вырашылі перамяшчацца ў Еўрасаюз. Калі некалькі гадоў таму транзіт мігрантаў праз Беларусь ажыццяўляўся ў штатным рэжыме, то сёння сітуацыю значна ўскладнілі санкцыі супраць нашай краіны і закрыццё межаў з-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі. Па прычыне кавіду, зразумела, і Еўрасаюзу ў апошнія гады было не да пытанняў бежанцаў, што ў выніку справакавала сапраўдную праблему. Мы маем на сёння тое, што мігранты знаходзяцца ў “падвешаным” стане: з аднаго боку, яны збеглі ад праблемаў у сваіх краінах, з другога, на новым месцы іх пакуль не хочуць прымаць. Пры гэтым, людзі сканцэнтраваліся на нашай тэрыторыі.

Відавочна, што вырашэнне праблемы з бежанцамі – гэта справа не аднаго дня. Пры гэтым, набліжаецца зіма, і людзі, звыклыя да іншых кліматычных умоваў, моцна пакутуюць. На маю думку, сусветныя і еўрапейскія дабрачынныя арганізацыі, найперш Чырвоны Крыж, павінны аказаць дапамогу бежанцам у большых маштабах, чым цяпер. Не толькі пітной вадой, але і прадуктамі харчавання, цёплым адзеннем, у першую чаргу, для жанчын і дзяцей, нарэшце, узяць на сябе фінансавыя выдаткі па размяшчэнні людзей у гасцініцах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: