Рыхтуемся да Усебеларускага сходу. Станіслаў Мазур: “Там, дзе карані, кепска працаваць – сорамна”

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Абмяркоўваем праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады па развіцці рэгіёнаў і сельскай гаспадаркі з дэлегатам VI Усебеларускага нацыянальнага сходу, дырэктарам ААТ “Граніт-Агра” Станіславам Мазурам:

–  Я ўпэўнены: галоўнае, што спрыяе развіццю рэгіёнаў, – гэта людзі-працаўнікі. У сельскай гаспадарцы, як і ў іншых галінах эканомікі, усё вырашаюць кадры. Моладзь хоча і павінна жыць у сельскай мясцовасці. Чым яе зацікавіць і як замацаваць на сяле, раскажу на прыкладзе нашай гаспадаркі.

Маладых спецыялістаў і працоўную моладзь “Граніт-Агра” мы стараемся падтрымліваць у добрых пачынаннях, ствараем для іх камфортныя ўмовы жыцця і працы, спрыяем сумяшчэнню работы з далейшай вучобай. Па-першае, абавязкова выдзяляем жыллё: забяспечанасць ім маладых спецыялістаў складае 100 %. У 2017 годзе быў пабудаваны двухпавярховы жылы дом на чатыры кватэры з выгодамі, у 2020 годзе ў эксплуатацыю здадзены яшчэ адзін дом, ёсць у нас два інтэрнаты сямейнага тыпу на 20 кватэр.

Мяняе аблічча цэнтральная сядзіба гаспадаркі. Капітальна адрамантаваны адміністрацыйны будынак, па-сучаснаму абсталяваны кабінеты спецыялістаў і работнікаў бухгалтэрыі, набыта новая мэбля і аргтэхніка, функцыянуе трэнажорная зала. За апошнія гады значна палепшыліся ўмовы працы на малочнатаварных фермах і комплексах, збожжаскладах. Наладжаны падвоз работнікаў на працу і дахаты. Людзі забяспечваюцца спецадзеннем і спецабуткам, сродкамі індывідуальнай абароны. Штомесяц кожны работнік, які не дапусціў парушэнняў працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны, атрымлівае матэрыяльную дапамогу ў выглядзе харчовага набору.

У нас ладзяцца працоўныя спаборніцтвы, распрацавана палажэнне аб прэміраванні работнікаў у час асноўных сельскагаспадарчых работ, вынікі ў галіне жывёлагадоўлі падводзяцца штоквартальна.

Імкнёмся мы разнастаіць і вольны час людзей: “Граніт-Агра” не толькі ўдзельнічае ў раённых святах, конкурсах, турзлёце, але і арганізуе ўласныя святы ўраджаю. На іх работнікі атрымліваюць узнагароды за паспяховую работу, а дзеці маюць магчымасць агледзець тэхніку, пасядзець у кабіне – так ім прывіваецца цікавасць да сельскагаспадарчай прафесіі. Работу па замацаванні моладзі ў сельскай мясцовасці пачынаем літаральна са школы, дзе функцыянуе аграклас. Выдаём мэтавыя накіраванні на вучобу, па якіх сёння вучацца 9 маладых людзей. Для іх, згодна з умовамі дагавора, прадугледжана штомесячная даплата да стыпендыі. У калектыве маладых спецыялістаў прымаюць цёпла, у нас створана сістэма настаўніцтва.

Увогуле, мы стараемся, каб людзі, народжаныя на круцілавіцкай зямлі, заставаліся тут жыць, бо там, дзе карані, кепска працаваць – сорамна. Для прываблівання моладзі ў сельскую мясцовасць імкнёмся максімальна наблізіць жыццё да гарадскога. Летась ў нас адбылася знакавая падзея – у аграгарадку Круцілавічы адкрыўся свой храм, унёсак у будаўніцтва якога зрабіў і “Граніт-Агра”. Цяпер мы дапамагаем у рамонце царквы вёскі Ахонава, з’яўляемся шэфамі Новаяльнянскай нядзельнай школы, нашага Круцілавіцкага і Таркачоўскага садоў-школ. Для нашага аграгарадка робім праект новай міні-футбольнай пляцоўкі, а вясной тут ужо будзе гатова пляцоўка па пляжным валейболе. У нас ёсць свой спартыўны інвентар, форма, нашу спартыўную каманду ведаюць у раёне. Калі была спрыяльная эпідсітуацыя, для работнікаў мы нярэдка ладзілі туры выхаднога дня ў іншыя гарады, а летась – заплыў на лодках па рацэ Нёман. Я ўпэўнены, што добры адпачынак спрыяе стараннай працы, таму стараемся, каб у нашых работнікаў былі выхадныя.

Нядаўна да ААТ “Граніт-Агра” быў далучаны КСУП “Белагурна”. Цяпер гэта наша структурнае падраздзяленне, і яго работнікі поўнасцю перайшлі на нашу сістэму аплаты і стымулявання, атрымліваюць поўны сацыяльны пакет. Задачы на перспектыву – палепшыць умовы працы і жыцця на новай адміністрацыйнай тэрыторыі, абнавіць сельгастэхніку.

Я згодзны з асноўнымі накірункамі развіцця сельскай гаспадаркі і рэгіёнаў, якія вызначаны ў праекце Праграмы, многае з гэтага ўжо робіцца. Упэўнены, што тыя задачы, якія будуць пастаўлены Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на наступную пяцігодку, паспрыяюць далейшаму развіццю нашай краіны і рэгіёнаў у прыватнасці.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

 



Теги: