Усе скарбы восені: агародніна, садавіна, ягады, мёд (+відэа)

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У Дзятлаве прайшоў першы ў гэтым годзе сельскагаспадарчы кірмаш.

Яшчэ адзін адбудзецца ў райцэнтры 23 кастрычніка, а 16 кастрычніка запасціся сезоннай прадукцыяй змогуць жыхары Казлоўшчыны, Наваельні, Гезгалаў, дзе таксама будзе арганізаваны выязны гандаль.

Арганізатары першага сёлетняга кірмашу, які праходзіў на сельскагаспадарчым рынку райцэнтра па вуліцы Слонімскай, паклапаціліся, каб забяспечыць пакупнікам багаты выбар прадукцыі. Жыхары райцэнтра і сапраўды адзначалі, што пры жаданні любы мог тут набыць патрэбны тавар па памяркоўных цэнах. Гандляваць прыехалі некалькі дзясяткаў сельгасвытворцаў, прадпрыемстваў, асабістых дапаможных гаспадарак, рамеснікаў.

Быў прадстаўлены шырокі асартымент сезоннай агародніны. Найбольшым попытам традыцыйна карысталіся бульба, капуста, морква, буракі, не менш актыўна наведвальнікі набывалі зерне для хатняй птушкі, многія прыехалі па памідоры, мёд, часнок, каб перад халадамі запасціся гэтай вітаміннай прадукцыяй. Пастаянная чарга стаяла каля гандлёвага павільёна Слонімскага мясакамбіната, дзе быў прадстаўлены вялікі выбар прадукцыі.

Жывую рыбу набывалі побач, у гандляроў з прыватнай рыбнай гаспадаркі Сокала. Сыры, масла і тварог – у гандлёвым павільёне Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”. Падсілкавацца свежымі хлебабулачнымі вырабамі прапаноўваў Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Сваю прадукцыю таксама прадставіў Боркаўскі крухмальны завод. Духмяным мёдам, бярозавымі венікамі для лазні і дэкаратыўнымі туямі гандляваў Дзятлаўскі лясгас.

– У нас самы хадавы тавар – сталовыя буракі і бульба, – расказала загадчыца магазіна “Ветразь” КСУП “Жукоўшчына” Святлана Квятко. – Буракоў было 700 кілаграмаў, іх ужо прадалі. Бульбы гатунка “Скарб” прывезлі 5,3 тоны, крыху засталося. Ахвотна бяруць нашы яблыкі па рублі за кілаграм, моркву па 90 капеек. Добра набывалі ячмень, яго было 1,6 тоны.

У сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” а дзясятай гадзіне, як патлумачыла бухгалтар Яніна Кейко, яшчэ заставалася трыцікале, магчыма, таму, што яго прапаноўвалі па 61 капейцы за кілаграм, а вось пшаніца і ячмень (усяго 4 тоны) ужо скончыліся.

Першымі з раніцы распрадалі свой тавар спецыялісты ААТ “Граніт-Агра”, якія прывозілі па 5 тон кукурузы і ячменю. Такая ж гісторыя ў КСУП “Хвінявічы”, дзе да 9 гадзін рэалізавалі каля 2 тон ячменю і трыцікале, 1,6 тоны бульбы “Брыз”.

Бойка ішоў гандаль у КСУП “Дварэц-Агра”. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Сачык расказаў, што людзі ахвотна бяруць бульбу. Яе тут 4,5 тоны гатункаў “Скарб”, “Янка”, “Брыз”. Трыцікале, пшаніцы, ячменю было 5,5 тоны, але больш не засталося, толькі што забралі апошні мех проса, карыстаецца попытам алійная рэдзька. У наступную суботу гаспадарка збіраецца з такім жа асартыментам на кірмаш у Наваельню.

Каля 7 тон зерня даставіў на кірмаш КСУП “Войневічы”. Як патлумачыла галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Наталля Скібінская, добра прадаюцца пшаніца і жыта, часта запытваюць кукурузу і гарох, бяруць ільняное семя. Аналагічнай прадукцыяй яны будуць гандляваць 16 кастрычніка ў Казлоўшчыне.

Чарга пакупнікоў стаяла каля машыны фермерскай гаспадаркі Хіневічаў з Навагрудчыны, актыўна бралі капусту, буракі, моркву. Самую танную цыбулю на кірмашы можна было набыць па 70 капеек, даражэйшую – па рублі, сявок каштаваў 6,8 рубля. Багата часнаку, вырашчанага ў сваёй дапаможнай гаспадарцы, прывезлі Быстрыцкія, прапаноўвалі па 6 рублёў за кілаграм. Уладальнікі ўласнай гаспадаркі з Юзафінаў таксама гандлявалі агароднінай, асабліва актыўна людзі бралі іх спелыя памідоры па 3,5 рубля.

Не засталіся без пакупак заўзятыя садаводы раёна. Садовы інструмент, выраблены ўласнымі рукамі, і кошыкі з лазы са Шчучына прывёз рамеснік Міхаіл Гайдукевіч. Саджанцы пладовых дрэўцаў, кустоў і ягад – прыватная гаспадарка “Райсад” з Малога Мажэйкава. Дэкаратыўныя дрэўцы прапаноўваў прадавец са Шчучыншчыны, восеньскія кветкі – дзятлаўчанін Людвіг Варабей. Наліўныя зімовыя яблыкі “Голдэн”, “Прынц”, “Айдарэд” вырасціў і прывёз на кірмаш Дзмітрый Філатаў з Круцілавічаў.

У кірмашовай мітусні цяжка было зарыентавацца, хто толькі прыехаў па пакупкі, а хто ўжо ад’язджае, адзінае, па чым можна было “вылічыць” шчаслівых пакупнікоў, – “горкі” мяхоў, каля якіх яны чакалі транспарт. Цікавімся ўражаннямі.

Аліна Сёмуха з унучкай Валерыяй, горад Дзятлава:

– На кірмаш мы ішлі мэтанакіравана – па сталовую бульбу. Набылі гатункі “Скарб” і “Брыз”. Кірмашом задаволены, ды і надвор’е не падвяло: прыемна свяціла сонейка, можна было няспешна прагуляцца, усё агледзець, папрыцэньвацца. Адным словам – настрой цудоўны.

Ядзвіга Гушча, горад Дзятлава:

Як бачым, задаволенымі засталіся і пакупнікі, і прадаўцы. Што ж, будзем чакаць наступнага кірмашу.

Ірына СТЫРНІК

Фота Вадзіма ФІЛІПОЎСКАГА і Ірыны СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga