Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 27 верасня па 3 кастрычніка ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 76 паведамленняў, 6 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 18 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 52 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці быў прыцягнуты 31 правапарушальнік, узбуджана 7 крымінальных спраў.

Знайшоў сабе бар?

Беспрацоўны, раней не судзімы жыхар аднаго з аграгарадкоў раёна не прыдумаў нічога лепшага, як у пошуках алкагольных напояў залезці ў чужую хату. Для гэтага мужчына адціснуў аконны праём, “пагаспадарыўшы” ўнутры памяшкання, скраў адтуль спіртное на 24 рублі. Узбуджана крымінальная справа.

Па акумулятар – у чужую машыну

Раней не судзімы дзятлаўчанін не змог прайсці міма чужой машыны, прыпаркаванай на адным з падворкаў райцэнтра. З аўтамабіля ён скраў акумулятарную батарэю “FireBall”, чым нанёс гаспадару маёмасці матэрыяльную шкоду ў памеры 73 рублёў. На злодзея ўзбуджана крымінальная справа.

Новыя вароты на металалом?

Нічым не грэбуюць “паляўнічыя” на метал. Так, жыхар аднаго з гарадскіх пасёлкаў нашага раёна наведаўся ў маланаселеную вёску і праверыў нежылыя домаўладанні на наяўнасць другаснай сыравіны для здачы. У адной з гаспадарчых пабудоваў злодзей адшукаў і забраў з сабой дзве самаробныя створкі металічных варотаў коштам 81 рубель. За супрацьпраўны ўчынак мужчына адкажа перад законам.

Халодны прыём

Свой маладзецкі спрыт лідчаніну на прыпынку грамадскага транспарту ў адным з аграгарадкоў нашага раёна познім вечарам вырашыў паказаць мясцовы жыхар. З хуліганскіх пабуджэнняў ён ударыў апанента кулаком па твары, чым нанёс яму лёгкія цялесныя пашкоджанні. На агрэсара ўзбуджана крымінальная справа.

Каму цемра сябар?

За наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў крымінальная справа ўзбуджана на двух работнікаў прадпрыемства нашага раёна. Мужчыны пад покрывам цемры на адной з вуліц аграгарадка пабілі мясцовага жыхара. Пасля сустрэчы са зламыснікамі пацярпеламу давялося звяртацца да медыкаў. У яго дыягнаставалі пералом ніжняй сківіцы, сінякі і драпіны на целе.

Карт-рахунак у мінус

Сумна, але чарговай ахвярай інтэрнэт-злодзея стала жанчына, якая знаходзіцца ў сацыяльным водпуску. З яе карт-рахунка ААТ “ААБ Беларусбанк” невядомы зламыснік скраў 280 рублёў.

Міліцыя нагадвае, што называць даныя сваіх банкаўскіх картак трэцім асобам і агучваць коды пацвярджэння банкаўскіх аперацый, якія прыходзяць на тэлефон, нельга.

Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga