Прыпынілася работа аграрыяў, ёсць сур’ёзныя зрухі ў падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона, праваахоўнікі і ратаўнікі працуюць у штатным рэжыме, а захворванне на рэспіраторныя інфекцыі і каранавірус плаўна пайшло ўверх.
Гэтыя і іншыя тэмы гучалі на рабочай нарадзе ў першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі.
Для здароўя
Як і прагназавалі медыкі, назіраецца рост хворых на каранавірус і вострыя рэспіраторныя інфекцыі. 102 новыя выпадкі зарэгістраваны ў раёне на мінулым тыдні. Як адзначыла галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак, сярод хворых зусім маленькі працэнт вакцынаваных і пераносяць хваробу яны ўсе ў лёгкай форме.
Зразумела, вакцынацыя супраць COVID-19 працягваецца, хутка пачнецца прышчэпачная кампанія супраць грыпу.
– Важна памятаць, што ўсё гэта робіцца не дзеля статыстыкі, а для захавання жыцця людзей і паспяховай працы прадпрыемстваў і арганізацый, – звярнуў увагу Віталій Тадэвушавіч. – І асноўная задача, якая стаіць перад медыкамі і работнікамі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, – наладзіць абарону насельніцтва, а гэта вакцынацыя і выкарыстанне індывідуальных сродкаў абароны.
Неабходна памятаць, што для фарміравання імунітэту патрэбен час, таму з прышчэпкамі зацягваць не варта.
Грыбнікоў знайшлі
Насычаны тыдзень аказаўся ў праваахоўнікаў. Як далажыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль, пяць крымінальных спраў узбуджаны ў адносінах да абавязаных асобаў; устаноўлены зламыснікі, якія займаліся крадзяжамі з пакінутых без нагляду дамоў; тры дні п’янкі дзятлаўчаніна з саслужыўцам скончыліся крадзяжом грошай. Ёсць і інцыдэнт з нажавым раненнем – прычыны высвятляюцца. Два факты блукання ў лесе адбыліся на
мінулым тыдні. Скончыліся добра, дзякуючы таму, што ў грыбнікоў з сабой былі мабільныя тэлефоны – па мабільнай сувязі дзятлаўскія праваахоўнікі дапамаглі людзям зарыентавацца на мясцовасці і выйсці з ляснога масіву.
Па лініі РАНС пажараў і іншых сур’ёзных здарэнняў не зафіксавана.
Абмяркоўвалася работа са зваротамі грамадзян
Маніторыць і аналізаваць выкананне даручэнняў, якія былі дадзены пасля правядзення прамых ліній і прыёмаў грамадзян на мінулым тыдні, – на гэтым засяродзіў увагу намеснікаў старшыні райвыканкама і адказных службаў Віталій Шулейка. Дзе неабходна, падключыцца самім і сустрэцца з жыхарамі раёна, якія прасілі аб дапамозе.
Асцярожна! Ацяпляльны сезон!
Пытанне №1 напярэдадні ацяпляльнага сезона – гатоўнасць цеплакрыніц і спажыўцоў цеплаэнергіі, спраўнасць і адпаведнасць нормам пячнога ацяплення домаўладанняў жыхароў раёна, асабліва адзінокіх пажылых, інвалідаў – не знімаць з кантролю даручыў Віталій Тадэвушавіч намеснікам старшыні райвыканкама.
– Па адным аб’екце спажыўцоў цеплавой энергіі ў раёне пакуль не падпісаны пашпарт гатоўнасці, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Жыдко. – Тэрмін завяршэння падрыхтоўчых работ – 1 кастрычніка.
Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч удакладніў на нарадзе, што ў час абследавання назіральнай камісіяй домаўладанняў былі вызначаны 6 новых чалавек, якім неабходна будзе на зімовы перыяд аказаць дапамогу, пытанні па іх вырашаны, без увагі і дапамогі людзі не застануцца.
Іншыя тэмы
Надвор’е ўнесла карэктывы ў работу аграрыяў, праліўныя дажджы не даюць завяршыць уборку кукурузы, ворыва глебы і пасеў азімых зерневых культур, між тым, работы ў раёне яшчэ шмат.
***
Віталій Шулейка падзякаваў усім адказным службам за якасную арганізацыю і правядзенне свята Дня народнага адзінства. Цяпер Дзятлаўшчына рыхтуецца годна прадставіць свой раён на абласных “Дажынках – 2021” у Скідзелі 25 верасня. Праграма работы падвор’я, склад дэлегацыі, супрацьэпідэмічныя ўмовы ўдзелу ў мерапрыемстве – абмеркаваны апошнія падрыхтоўчыя “штрыхі”.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga