Цікавы дзень – субота!

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе склалася традыцыя — праводзіць шосты школьны дзень тэматычна.

Мерапрыемствы, якія прапануюцца навучэнцам, маюць вызначаную накіраванасць і дазваляюць знаёміць дзяцей з гісторыяй і культурай, роднай прыродай, беларускімі традыцыямі, гульнямі, прывіваць ім здаровы лад жыцця, фарміраваць годных грамадзян нашай краіны.

Правы і абавязкі… Мы часта чуем гэтыя словы разам. І гэта не выпадкова. Правы і абавязкі не існуюць незалежна адзін ад аднаго, таму што няма праў без абавязкаў. Толькі разам яны робяць жыццё цэльным і паўнавартасным, значымым. У нашай установе адукацыі мы вучым дзяцей, шырока выкарыстоўваючы дадзеныя грамадствам правы, выконваць свае абавязкі перад ім. З гэтай нагоды ў суботу прайшоў Дзень правапарадку.

Вучні V-VIII класаў прынялі ўдзел у турніры знаўцаў праў і абавязкаў навучэнцаў “Правазнайка”. У час турніру вучні ўзгадалі, што такое правы і абавязкі, вучыліся весці дыскусію, слухаць адзін аднаго і даказваць свой пункт гледжання, не крыўдзячы сваіх субяседнікаў. Мерапрыемства пашырала кругагляд і развівала пазнавальныя схільнасці дзяцей.

У турніры змагаліся дзве каманды “Знайка” і “Прававеды”. Спачатку неабходна было размеркаваць выказванні правы і абавязкі навучэнцаў. Каб правільна выканаць заданне, трэба было ўзгадаць Устаў установы адукацыі. Затым усіх захапіла заданне — разгадванне крыжаванкі. Сярод літар “схаваліся” словы па тэме турніра. Свае артыстычныя здольнасці і кемлівасць вучні маглі праявіць пры рашэнні і абыгрыванні прававых сітуацый. Нягледзячы на тое, што час быў абмежаваны, дзве каманды паспяхова справіліся з пастаўленай задачай. Дзеці з задавальненнем разблытвалі клубок прыкладаў з жыцця, у якіх парушаліся правы чалавека, знаходзілі правільнае рашэнне ў складаных сітуацыях. Дзяцей зацікавіла заданне, для выканання якога трэба было выкарыстаць адпаведныя дакументы. Прысутным была прэзентавана выстава кніг на тэму “Свае правы і абавязкі мы адкажам без падказкі”. Самым вясёлым заданнем была віктарына па казках, у якіх сустракаліся эпізоды на веданне праў і абавязкаў чалавека. Дзеці ўсіх класаў стараліся ўзгадаць сюжэты патрэбных казак, каб прынесці камандзе больш балаў і атрымаць чаканую перамогу.

Усе прысутныя адзначылі, што такія мерапрыемствы карысныя і патрэбныя.

Таццяна ЖЫНКО,
класны кіраўнік VI класа Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы