Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 23 па 29 жніўня ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 69 паведамленняў, 4 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 22 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 43 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 36 правапарушальнікаў, узбуджана 3 крымінальныя справы.

Каму не спадабалася машына?

Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на невядомага парушальніка, які ў аграгарадку Гезгалы з хуліганскіх пабуджэнняў пашкодзіў лакафарбавае пакрыццё аўтамабіля “Мітсубісі Кольт” жыхаркі горада Гродна. Машына была прыпаркавана без парушэння правілаў дарожнага руху. Нанесеная аўтамабілю шкода ацэнена ў 1400 рублёў.

Міліцыя просіць жыхароў раёна, якім што-небудзь вядома пра акалічнасці правапарушэння ці асобу, якая яго ўчыніла, інфармаваць участковага інспектара міліцыі або тэлефанаваць на нумар 102. 

Не замкнуў – застаўся без пілы

Дзятлаўчанін не замкнуў на ноч сваю машыну “Кіа Besta”, якая знаходзілася ў двары яго дома. Гэтым не прамінуў скарыстацца злодзей. Зламыснік з надыходам прыцемкаў скраў з аўтамабіля бензапілу “ECO”, коштам 170 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Перад работай “зазірнулі” ў чарку

У час чарговага рэйда праваахоўнікаў у адной з гаспадарак раёна на малочнатаварнай ферме нецвярозымі на працы знаходзіліся два мясцовыя жывёлаводы. Ступень ап’янення кожнага з работнікаў была больш за 2 праміле, складзены адміністрацыйныя пратаколы.

“Прадпрымальнік” з суседняга раёна

Беспрацоўны жыхар Навагрудчыны паспадзяваўся на лёгкі заробак і на тэрыторыі Данілавіцкага сельскага савета наладзіў незаконную вытворчасць самагону. У гаспадарчай пабудове, якая належыць мужчыну, праваахоўнікі знайшлі і канфіскавалі 1378 літраў брагі і 2,5 літра самагону. За сваё “прадпрымальніцтва” навагрудчанін адкажа паводле закона.

Дзе дакументы на метал?

У сувязі з крадзяжамі металічных рэчаў з нежылых дамоў нашага раёна міліцыя прадаўжае правяраць законнасць нарыхтоўкі чорных і каляровых металаў. Напрыканцы жніўня ў гарадскім пасёлку Наваельня супрацоўнікі міжраённай дзяржаўтаінспекцыі спынілі аўтамабіль “Мерседэс-Бенц”, за рулём якога знаходзіўся беспрацоўны мясцовы жыхар. У кузаве мужчына перавозіў каля 300 кілаграмаў металалому без суправаджальных дакументаў. Праваахоўнікі высвятляюць, ці законнае “паходжанне” ў гэтага груза.

Уладзімір СВЯТОХА,
часова выконваючы абавязкі начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga