З 16 па 22 жніўня ў аператыўна-дзяжурную службу аддзела ўнутраных спраў райвыканкама паступіла 84 паведамленні, 5 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 18 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 61 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 31 правапарушальнік. Узбуджана 9 крымінальных спраў.
Хацеў узбагаціцца на ломе
Узбуджана крымінальная справа ў дачыненні да жыхара аграгарадка Гезгалы, 2000 года нараджэння, працуючага, які з тэрыторыі дзяржаўнай установы ў вёсцы Труханавічы скраў 50 чыгунных пліт, прычыніўшы шкоду ў памеры 3588 рублёў.
Госці ў дом, грошы – з дому
Непрацуючы 39-гадовы жыхар Лідскага раёна, знаходзячыся ў гасцях у жыхара вёскі Засецце, спакусіўся на змесціва гаспадарскага кашалька, што ляжаў у шафе. “Незаконная здабыча” склала 450 рублёў. Дарэчы, гэта для лідчаніна не першы факт падобнага крадзяжу.
Начное рандэву
Жыхару Гродна таксама не спалася ў гасцях у дзятлаўчаніна – мужчына скраў гаспадарскія ключы ад аўтамабіля і адправіўся ў “начное рандэву” па вуліцах Дзятлава і Навагрудка. Каля вёскі Кашалева Навагрудскага раёна заехаў у кювет, кінуў там машыну і ўцёк. Узбуджана крымінальная справа.
Магло скончыцца забойствам
35-гадовы жыхар Дзятлава ў сямейнай спрэчцы дайшоў ад славесных пагроз да цялеснай расправы. Мужчына душыў сужыцельку, за што цяпер паўстане перад судом.
Аляксандр БІЛЬ,
начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga