Першыя тысячнікі сярод камбайнераў

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Па ўсёй вобласці працаўнікі поля працягваюць здзіўляць сваімі значнымі намалотамі.

Не выключэннем стала і Дзятлаўшчына: у ААТ “Граніт-Агра” тысячу тон намалацілі адразу два экіпажы камбайнераў: Уладзімір і Іван Чарняўскія, Сяргей і Дзмітрый Жыхі. У адзіночных сельскагаспадарчых “заездах” першымі да тысячнага “зерневага” фінішу прыйшлі механізатары Уладзімір Гукіш і Аляксандр Майсейчык.

Ушаноўваць камбайнераў-перадавікоў адправіліся прадстаўнікі райвыканкама: старшыня Андрэй Садоўскі, яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, прафсаюзны лідар работнікаў АПК Уладзімір Казак і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Спачатку заехалі на машынны двор да тысячнікаў Уладзіміра Гукіша, Івана і Уладзіміра Чарняўскіх. Потым наведалі адно з палёў гаспадаркі, дзе працавалі яшчэ адны перадавікі – Аляксандр Майсейчык, Сяргей і Дзмітрый Жыхі. Разам з дырэктарам ААТ “Граніт-Агра” Станіславам Мазурам і працоўным калектывам яны павіншавалі камбайнераў з тысячнымі намалотамі.

– Не спыняцца на дасягнутым, заўсёды з такім жа энтузіязмам падыходзіць да працы, быць прафесіяналамі сваёй справы, каб кожны выхад у поле быў пры суправаджэнні “бусла-калегі”, які будзе радаваць вока і стане “лятаючым” талісманам багатага ўраджаю, – пажадаў старшыня Андрэй Садоўскі.

Для лепшых механізатараў быў падрыхтаваны музычны сюрпрыз: артысты мясцовага Дома культуры Іна Анушкевіч і Святлана Грос праспявалі беларускую народную песню “Гармонік грае”. За выдатныя вынікі старшых камбайнераў Уладзіміра Гукіша і Аляксандра Майсейчыка ўзнагародзілі дыпломамі Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Таксама ўсім перадавікам уручылі падзячныя лісты ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК, грашовыя прэміі, букеты кветак і памятныя падарункі. Ад раённага камітэта ГА “БРСМ” Аляксандр Майсейчык быў узнагароджаны граматай за дасягненні высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур сярод моладзевых экіпажаў.

 

Людзі, якія ў гэтую гарачую сельскагаспадарчую пару ўбіраюць ураджай, – сапраўдныя героі, бо яны малоцяць зерне, з якога ў будучыні выпякуць духмяны хлеб для нашага стала.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga 



Теги: