У нядзелю да жыхароў і гасцей аграгарадка Раклевічы завіталі “працавітыя пчолкі”: артысты Дзятлаўшчыны, якія цудоўным летнім вечарам “прыляцелі” на раённае свята мёду з насычанай канцэртнай праграмай.
Для прысутных праспявалі песню “Маленькая краіна” юныя ўдзельніцы клубных фарміраванняў Раклевіцкага дома культуры Дамініка Вайтушка і Віялета Юркевіч. Мядовы флэшмоб стаў прыемным “танцавальным” сюрпрызам і зарадзіў гасцей мерапрыемства “святочнай” энергіяй. Для самых маленькіх гледачоў была падрыхтавана інтэрактыўная праграма з роставымі лялькамі “Прыгоды Каня Юлія”. Таксама дзеці бавілі час на спецыяльнай арт-зоне: яны размалёўвалі плакат “Пчалінае каралеўства”, стваралі аплікацыю “Мядовая палянка” з клею і кардону. Падлеткі падзяліліся на дзве каманды і прынялі ўдзел у займальным квэсце “У пошуках бочачкі мёду”. Каб атрымаць запаветны салодкі падарунак, ім трэба было перамагчы ў спартыўнай эстафеце і бліснуць ведамі ў тэматычнай віктарыне.
У разгар гулянняў не забыліся і пра мясцовых старажылаў: Яўгенію Лайло і Зінаіду Юрчук. З музычным падарункам для жанчын выступіла Ганна Харлінская. Разам з тым, са сцэны прагучалі і цёплыя словы падзякі: доўгажыхаркам пажадалі моцнага здароўя, добрага настрою, даўгалецця і разумення ад блізкіх людзей.
Далей канцэртную ініцыятыву падхапілі творчыя калектывы Дварэцкага і Дзятлаўскага дамоў культуры – квартэт “Мечта” і ВІА “Горячие сердца”, якія праспявалі папулярныя песні. Гледачы сустракалі і праводзілі артыстаў бурнымі апладысментамі, падпявалі ім, падтрымлівалі музычны рытм дынамічнымі танцамі. Акрамя канцэртнай праграмы, госці мерапрыемства куплялі розныя сувеніры і салодкую вату, частаваліся духмяным мёдам з гарачымі блінамі, дзеці скакалі на батуце, рабілі памятныя “татуіроўкі”.
Сваімі ўражаннямі ад раённага свята падзялілася жыхарка аграгарадка Раклевічы Вікторыя Бароўская, якая прыйшла з мужам Алегам і маленькімі дочкамі Арынай і Аляксандрай:
– На такіх мерапрыемствах мы раней не бывалі. Аднак, пасля таго, як даведалася пра свята мёду, вырашылі ўсёй сям’ёй правесці нядзельны вечар менавіта тут. Мы прыйшлі не толькі адпачыць, але і падтрымаць нашу дачку, якая з’яўляецца ўдзельніцай канцэртнай праграмы. Усё арганізавана на вышэйшым узроўні. Хочацца адзначыць і тое, што на свяце было цікава не толькі дарослым, але і дзецям. Ад інтэрактыўнай праграмы з роставымі лялькамі маленькія гледачы ў захапленні. Яны не толькі назіралі за тым, што адбываецца, але таксама спявалі і танцавалі разам з вядомымі казачнымі героямі. Купілі дачушкам цацачных пчолак, з усёй цеплынёй назіралі за іх радаснымі тварамі, калі яны скакалі на батуце, наведвалі “творчую” арт-зону. Мы атрымалі незабыўныя ўражанні, абавязкова прыйдзем яшчэ і не раз.
Таксама атмасферай “мядовага” свята пранікнуліся і рамесніцы, маці з дачкой Вольга і Ангеліна Жыгалы з аграгарадка Гезгалы, якія гандлявалі рукадзельнымі лялькамі:
– Канцэртная праграма разам з іншымі “творчымі” актыўнасцямі – на вышыні! Шчыра кажучы, мы нават і не думалі, што ў невялікім мястэчку можна арганізаваць мерапрыемства такога маштабу. Ды і гасцей свята вельмі шмат: людзі танцуюць, спяваюць, цікавяцца нашымі прыгожымі лялькамі, частуюцца блінамі, купляюць мёд – “віноўніка” сённяшняй урачыстасці. Мы лічым, што такія мерапрыемствы павінны праводзіцца як мага часцей, каб мясцовыя жыхары маглі адпачыць ад паўсядзённай мітусні, правесці свой вольны час весела. Ужо не першы год наведваем такія тэматычныя святы. З задавальненнем прыедзем яшчэ!
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ