Казлоўшчынская зямля – адметны край, багаты маляўнічымі краявідамі і непаўторнай прыродай.
Мясцовыя жыхары не проста любяць сваю малую радзіму: тут нераўнадушныя людзі розных узростаў аб’яднаны ідэяй вывучэння роднай зямлі, а таксама ашчаднага стаўлення да прыроды і экалагічнага выхавання, якая культывуецца на базе Казлоўшчынскай сярэдняй школы, перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Не адзін год у гэтай школе, дзе вучацца не толькі пасялкоўцы, але і дзеці з прылеглых вёсачак, вучні разам з настаўнікамі вядуць актыўную экалагічную работу, якая ўжо атрымала высокую ацэнку на раённым і абласным узроўнях. Каб увасобіць на практыцы свае экалагічныя праекты, навучальная ўстанова актыўна супрацоўнічае з Дзятлаўскім лясгасам.
– Супрацоўніцтва лясгаса са школамі раёна – добрая традыцыя, якая склалася на Дзятлаўшчыне дзесяцігоддзямі. На працягу доўгага часу мы былі “шэфамі” Лявонавіцкага школьнага лясніцтва, цяпер яго эстафету прынялі школьнікі з Казлоўшчыны, – расказвае інжынер па ахове і абароне лесу Міхаіл Карэнка. – Абарона ляснога фонду Дзятлаўшчыны і яго вывучэнне – мэта, якая аб’ядноўвае юных даследчыкаў з неардынарнымі ідэямі і работнікаў лесу з багатым вопытам у гэтай сферы. Разам мы можам працаваць больш эфектыўна. Асабліва актуальна гэта ў знакавы Год народнага адзінства.
Спецыяліст дадае, што работа ў школьным лясніцтве можа стаць адпраўной кропкай для выбару прафесіі будучых выпускнікоў.
Пры падтрымцы лясгаса Арцёму Мазалю ўдалося прадставіць работу на рэспубліканскім юніёрскім конкурсе “Квітней, мой лес”, які Міністэрства лясной гаспадаркі праводзіць для школьнікаў, неабыякавых да праблемы абароны навакольнага асяроддзя.
Арцём даследаваў уплыў антрапагенных фактараў на колькасць першацветаў у лясным масіве Урбанаўшчына, што непадалёку ад пасёлка. Навуковая праца стала лепшай у вобласці і была накіравана ад Дзятлаўскага лясгаса на рэспубліканскі этап.
Над праектам ён працаваў не адзін год, у рабоце даследчыку дапамагаў брат-блізнюк Артур, які таксама сур’ёзна захапляецца біялогіяй, у мінулым годзе хлопец стаў прызёрам абласнога экалагічнага конкурсу з дакладам-даследаваннем аб чысціні паветра ў пасёлку.
На захапленне біялогіяй і актыўную экалагічную дзейнасць братоў Мазалёў натхніла жыццё: яны нарадзіліся і выраслі побач з лесам у вёсцы Падвялікае, тут з самага маленства ведаюць кожную сцяжынку, часта наведваюць лес, назіраюць, робяць фотаздымкі цікавых прадстаўнікоў флоры і фаўны. Калі ў школе пачалі вывучаць біялогію, іх ідэі атрымалі навуковае абгрунтаванне на ўроках і дадатковых занятках.
Настаўніца Казлоўшчынскай школы Тамара Буяк з павагай і захапленнем расказвае пра сваіх таленавітых вучняў:
– Не схлушу, калі скажу, што для мяне кожны ўрок біялогіі ў класе, дзе вучацца Артур і Арцём, – гэта сюрпрыз. Заўжды атрымліваю ад іх многа пытанняў па тэме ўрока і далёка за яе межамі.
Сёлета хлопцы атрымалі базавую адукацыю і спыніліся на скрыжаванні. Хутчэй за ўсё тут іх шляхі разыдуцца. Арцём жадае атрымаць спецыяльную камп’ютарную адукацыю, марыць развіваць нанамедыцыну. Артур прадоўжыць даследаванні ў біялогіі на старэйшай ступені школьнай адукацыі. Маладыя людзі, апантаныя ідэямі клопату аб прыродзе і чалавеку, абавязкова спраўдзяць свае мары.
У мясцовай школе многа нераўнадушных да прыроды вучняў, а значыць, на базе Казлоўшчынскай школы і лясгаса будзе створаны яшчэ не адзін грунтоўны сумесны экалагічны праект.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga