На Дзятлаўшчыне робяць стаўку на развіццё турызму

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Новымі пунктамі росту стануць фарміраванне веласіпедных маршрутаў з улікам прыроднага ландшафту і культурна-гістарычных асаблівасцяў раёна, развіццё вытворчага турызму, распрацоўка інавацыйных тураў.

Далейшае развіццё атрымаюць культурна-пазнавальны, водны, аграэкатурызм.

Дзятлаўшчына больш не будзе “чорнай дзіркай” на турыстычнай карце Гродзеншчыны, – адзначыў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда на пасяджэнні раённага міжведамаснага каардынацыйнага савета па фізічнай культуры, спорце і турызме. – Сёння мы шукаем дадатковыя спосабы і варыянты для раскрыцця патэнцыялу свайго раёна.

У якасці прыкладу Дзмітрый Казіміравіч прывёў сёлетні пілотны прадукт ад Дзятлаўшчыны “Веласіпедны маршрут па тэрыторыі Ліпічанскай пушчы”, які арыентуе турыстаў на месцы памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, дзе яны змогуць адчуць моцныя патрыятычныя эмоцыі на тэрыторыях з асаблівай аўрай і сэнсам.

На пасяджэнні было вырашана шмат арганізацыйных пытанняў па гэтым праекце. Так, гісторыка-краязнаўчы музей падрыхтаваў макеты інфармацыйных таблічак аб’ектаў па шляху веламаршруту, аддзел адукацыі райвыканкама ў бліжэйшы час зробіць пераклад назваў на таблічках на англійскую мову. Таксама на таблічкі будуць нанесены QR-коды, якія прадставяць віртуальную інфармацыю аб аб’екце пры навядзенні на іх камеры на мабільным тэлефоне. Дзятлаўскі лясгас зрабіў і ўжо ўстанавіў альтанку для адпачынку велатурыстаў на аб’екце “Партызанскі шпіталь”. У хуткім часе тут будуць устаноўлены інфармацыйныя шчыты, указальнікі веласіпеднага шляху.

– У нашым раёне шмат гістарычных, культурных аб’ектаў, на якіх турысты могуць засяродзіць увагу. Наша задача – іх рэкламаваць, падтрымліваць у належным стане і ўключаць у розныя тэматычныя маршруты, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. – Успамінаю, колькі прыйшлося даказваць на розных узроўнях, што водны сплаў на байдарках па рацэ Шчары стане цудоўным кірункам для турыстычнай Дзятлаўшчыны. І сёлета гэта ідэя байдарачнага сплаву мае найвышэйшую запатрабаванасць – на ўсе выхадныя ліпеня байдаркі ўжо забраніраваны турыстамі.

Што датычыцца папулярнага аграэкатурызму, Ігар Станіслававіч заўважыў, што сёння ў нашым раёне працуе 15 аграсядзібаў і варта распрацаваць карту аграэкатурызму Дзятлаўшчыны, дзе удакладніць “фішку” кожнай сядзібы, каб турыст мог выбіраць, як адпачыць, у якіх умовах і з якім каларытам. Па тэме індустрыі гасціннасці сустрэча кіраўніцтва райвыканкама, прадстаўнікоў сектара спорту і турызму, ААТ “Белаграпрамбанк” (які прадастаўляе крэдыты суб’ектам аграэкатурызму) з гаспадарамі дзятлаўскіх сядзібаў запланавана на бліжэйшы тыдзень.

Пытанне развіцця вытворчага турызму таксама ўзнімалася на пасяджэнні. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова адзначыла, што сёння гэты від турызму ўваходзіць у лік найбольш прыбытковых і часта выкарыстоўваецца на рынку турыстычных паслуг. Сучасных турыстаў ужо не задавальняе стандартны турысцкі асартымент. Людзі ўсё часцей імкнуцца да комплексных уражанняў – сумяшчаць адпачынак з пазнавальнымі мэтамі. І экскурсія на прадпрыемства – гэта якраз тое, што трэба. Прадукты, якія вырабляюць, што называецца, у рэжыме анлайн, адразу ж можна памацаць (а ў некаторых выпадках зрабіць самім), паспрабаваць, прымераць, купіць.

У прыватнасці, у нашым раёне ёсць прадпрыемствы, якія валодаюць дастатковай базай, якая спрыяе арганізацыі вытворчага турызму:

Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”.

Разам з прадпрыемствамі дзяржаўнай формы ўласнасці паспяхова ажыццяўляюць вытворчую дзейнасць прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці: ТАА “Ізакам”, ТАА “Ізакам Пласт”, ТАА “Белтэрміз”. Многія з гэтых прадпрыемстваў з’яўляюцца ўнікальнымі ў сваім родзе.

– Сёння туріндустрыя краіны зацікаўлена ў тым, каб у першую чаргу развіваўся ўнутраны турызм. Беларусы павінны болей даведвацца пра сваю краіну, – рэзюмаваў вынікі пасяджэння Ігар Кухарэвіч, адзначыўшы пры гэтым важнасць уезднага турызму, – замежныя госці таксама з задавальненнем наведваюць нашу краіну, нашу родную Дзятлаўшчыну. Мы пры гэтым павінны дэманстраваць ім не толькі прыгажосць нашай прыроды, але і нашы дасягненні па ўсіх кірунках.

Ірына КАМАРОВА

Фота з архіва рэдакцыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga