Дружыннікаў вучылі дапамагаць у спёку

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Чарговы збор-вучоба членаў добраахвотных дружын і іх камандзіраў прайшоў у аддзеле ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама.

Паколькі ўсталявалася спякотнае надвор’е, то і тэмы для замацавання ведаў выбралі надзённыя – аказанне першай медыцынскай дапамогі пацярпелым пры цеплавым удары і пры ўтапленні. З імі дружыннікаў і старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў, пры якіх працуюць добраахвотныя грамадскія фарміраванні, азнаёміла памочнік доктара цэнтральнай раённай бальніцы Анастасія Гаркавец. Яна расказала, што прычынамі цеплавога ўдару могуць быць высокія тэмпература і вільготнасць навакольнага паветра, няправільна выбранае сінтэтычнае адзенне, ужыванне алкаголю і некаторых лекавых сродкаў. Прыкметамі цеплавога ўдару ў чалавека служаць высокая тэмпература, дрыжыкі, частае дыханне і сэрцабіццё, млоснасць. Пацярпелага трэба размясціць у халаднаватым памяшканні, абцерці вадой або растворам воцату, даць несалодкае піццё.

Больш грунтоўныя веды спатрэбяцца пры выратаванні людзей на вадзе і аказанні ім першай дапамогі. Важна, каб ратаўнік не разгубіўся і правільна захапіў пацярпелага. На беразе, калі ўратаваны непрытомны, яму да прыезду хуткай дапамогі трэба прачысціць дыхальныя шляхі, затым рабіць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца.

Пасля азнаямлення з медыцынскай тэмай старшы інспектар прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Наталля Акуновіч патлумачыла прысутным асноўныя патрабаванні па вядзенні дакументацыі, таксама былі ўзгоднены графікі выхадаў дружыннікаў на дзяжурствы, ім нагадалі патрабаванні, якія прад’яўляюцца да добраахвотнікаў пры ахове грамадскага парадку, і меры асабістай бяспекі.

Напрыканцы Наталля Акуновіч агучыла вынікі работы добраахвотных дружын раёна ў першым паўгоддзі 2021 года, назвала лепшыя грамадскія фарміраванні і выказала словы падзякі іх камандзірам. Праваахоўнікі спадзяюцца, што і ў другім паўгоддзі добраахвотныя дружыннікі будуць для іх надзейнымі памочнікамі пры ахове грамадскага парадку.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga