Дом для маладой сям’і. Цана пытання

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Ствараючы сям’ю, многія маладыя людзі задумваюцца, дзе яны будуць жыць.

Шанц атрымаць дом у падарунак на вяселле выпадае не кожнаму, таму большасць маладых сем’яў, каб пабудаваць свае запаветныя метры, разлічвае на банкаўскае крэдытаванне.

Ці лёгка аформіць крэдыт і на якіх умовах ён прадастаўляецца маладым сем’ям, раённай газеце расказала спецыяліст іпатэчнага офіса Гродзенскага абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” горада Дзятлава Галіна Юргелевіч.

– Ці часта маладыя сем’і нашага раёна звяртаюцца па афармленне крэдыту на пабудову свайго жылля?

– У 2020-2021 гадах паводле Указа Прэзідэнта № 240 ад 4 ліпеня 2017 года “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў” было аформлена 20 дамоваў на крэдытаванне грамадзян, ужо пабудаваны 5 прыватных дамоў.

– Якія сем’і лічацца маладымі? Якія крокі ім трэба зрабіць, каб атрымаць заём у банка?

– Маладыя сем’і – гэта тыя, дзе муж або жонка ці яны абодва маюць узрост да 31 года ўключна. Але і такія сем’і, каб адкрыць крэдыт у Беларусбанку, павінны стаяць на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў у раённым выканаўчым камітэце і прадаставіць адтуль выпіску з рашэння райвыканкама аб праве на атрыманне льготнага крэдыту і субсідыі на яго пагашэнне (для пэўных катэгорый сем’яў).

Калі ўвесь пакет дакументаў гатовы, на працягу 3-5 дзён банк прыме рашэнне аб адкрыцці крэдытнай лініі. Сума крэдыту будзе залежаць ад максімальнага нармаванага кошту жылога метра і плацежаздольнасці атрымальніка крэдыту. Калі плацежаздольнасць атрымальніка крэдыту недастатковая, у сукупны даход дапускаецца ўключаць даход даручальнікаў: мужа, жонкі, паўналетніх дзяцей. Прычым, мець даручальнікаў для атрымання крэдыту – абавязковая ўмова банка.

– На якую суму можна разлічваць?

– Варта ведаць, што па дзяржаўных нарматывах крэдытуецца па 20 метраў квадратных на кожнага члена сям’і, за мінусам уласнасці, калі такая ў чалавека ёсць. Банк выдасць крэдыт на 90 % кошту гэтых метраў для маладой сям’і і на 100 % кошту для шматдзетнай. Гранічны нарматыў кошту аднаго метра квадратнага на сёння складае 817 рублёў. Таму магчымая сума крэдыту, на якую можа разлічваць у нашай мясцовасці, дапусцім, сям’я з 4 чалавек, якая не мае ўласнага жылля, – гэта 58 тысяч 824 рублі.

– Якія льготы прадугледжаны пры пагашэнні крэдытаў?

– На тэрыторыі нашага раёна дзейнічае агульная для розных катэгорый насельніцтва льгота – мы адносімся да гарадоў і населеных пунктаў з колькасцю жыхароў да 20 тысяч чалавек, што дае зніжэнне па працэнтах крэдыту. Далей усё залежыць ад таго, па якім указе Прэзідэнта прадастаўляецца крэдыт і якім катэгорыям грамадзян. Я ўжо называла Указ № 240, але ёсць яшчэ і Указ № 13 ад 6  студзеня 2012 года “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў”, які таксама гарантуе шэраг ільгот.

Згодна з Указам № 13 крэдыт і працэнты чалавек пачынае выплачваць роўнымі долямі толькі пасля здачы жылля ў эксплуатацыю. Прадугледжаны па ім і так званыя “крэдытныя канікулы” для сем’яў, дзе адзін з бацькоў пры нараджэнні другога і наступных дзяцей становіцца атрымальнікам дапамогі на дзіця да трох гадоў, на перыяд знаходжання ў сацыяльным водпуску па доглядзе дзіцяці сям’і прадастаўляецца адтэрміноўка плацяжоў па крэдыце. Таксама Указ № 13 дае права шматдзетным сем’ям браць крэдыт на 40 гадоў пад 1 %, прычым, калі яны гадуюць 4-х дзяцей, усю суму крэдыту ім пагасіць дзяржава за кошт субсідыі; калі 3-х дзяцей – субсідыя пагасіць 75 % пазыкі. Для маладых сем’яў субсідыя не прадугледжана і крэдыт выдаецца на 20 гадоў для нашай мясцовасці пад 3% (паніжэнне з 5 % дае статус горада з насельніцтвам да 20 тысяч), аднак згодна з Указам № 13, і Указам № 240 пры нараджэнні першага дзіцяці сям’і спісваецца 10 % сумы крэдыту, пры нараджэнні другога – 20 %.

Паводле Указа № 240 атрымальнік крэдыту пачынае плаціць працэнты па ім з наступнага месяца пасля выдачы першай часткі крэдыту, а асноўны доўг – пасля здачы дома ў эксплуатацыю. Для сем’яў, дзе гадуюцца 3-е дзяцей крэдыт выдаецца на 20 гадоў пад 1 % і за кошт дзяржаўнай субсідыі пагашаецца 95 % ад сумы пазыкі; для сем’яў, дзе гадуюцца 4-а і больш дзяцей – 100 %. Маладыя сем’і, якія не адносяцца да катэгорыі шматдзетных, паводле Указа № 240 атрымліваюць крэдыт на 20 гадоў пад 5 %, для іх не прадугледжана субсідыя, аднак пры нараджэнні новых дзяцей пачынаюць дзейнічаць вышэй названыя льготы, адпаведна з якімі мяняюцца ўмовы пагашэння пазыкі.

– Чым прывабныя такія займы?

– Ільготны крэдыт – гэта рэальная падтрымка дзяржавы для тых сем’яў, якія не маюць дастаткова сродкаў на самастойную пабудову жылля. Калі ж улічваць усю сістэму льготаў і субсідый, то гэта выдатная магчымасць займець сваё жыллё на спрыяльных умовах.

– Што часцей будуюць маладыя сем’і Дзятлаўшчыны, кватэры ці прыватныя дамы?

– Як сведчаць лічбы статыстыкі за апошняе дзесяцігоддзе, дзятлаўчане ўсё ж такі аддаюць перавагу пабудове кватэр у складзе жыллёвых будаўнічых кааператываў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga