Прайшло планавае пасяджэнне Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні Андрэя Садоўскага.
На парадак дня былі вынесены два пытанні: “Аб рабоце сельскагаспадарчых арганізацый раёна па падрыхтоўцы да правядзення ўборкі зерневых і зернебабовых культур” і “Аб эфектыўнасці вытворчасці свініны ў ААТ “Граніт-Агра”. З адпаведнай інфармацыяй прысутных азнаёміў першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка. Ён расказаў, што сёлета плануецца атрымаць 62,7 тысячы тон зерня і зернебабовых культур з кукурузай, што на 8,6 тысячы тон больш, чым летась, а таксама 5,5 тысячы алеянасення рапсу ў вазе пасля дапрацоўкі, што на 536 тон больш, чым у 2020 годзе. Гаспадаркам раёна належыць убраць 16 696 гектараў зерневых і зернебабовых культур. Сярэдняя іх ураджайнасць павінна скласці 37,7 цэнтнера з гектара ў вазе пасля дапрацоўкі, а рапсу – 23,7 цэнтнера з гектара. Для выканання ўсяго комплексу работ у сельгасарганізацыях ёсць 63 збожжаўборачныя камбайны, 34 прыстаўкі для ўборкі рапсу, больш за 70 грузавых аўтамабіляў, іншая тэхніка. На 21 чэрвеня гатоўнасць камбайнаў склала 48 %, прыставак для рапсу – 88 %, збожжасушыльных комплексаў – 63 %. Нізкая тэхнічная гатоўнасць адзначаецца ў КСУПах “Дварэц-Агра”, “Жукоўшчына”, ТАА “РоданАграПол” і “РоданАгра”. Сярэдняя нагрузка на адзін камбайн у раёне – 243 гектары. Наяўная колькасць камбайнаў дазваляе ажыццявіць жніво за 25 дзён. У гаспадарках раёна ёсць 24 збожжасушыльныя комплексы, аднак выкарыстоўваць плануецца 19 з іх.
Вялікая ўвага на Дзятлаўшчыне надаецца абнаўленню парка збожжаўборачнай тэхнікі: ужо закуплена тры новыя камбайны (адзін у КСУП “Войневічы”, два ў ААТ “Граніт-Агра”), да жніва мяркуецца набыць яшчэ адзін (у КСУП “Хвінявічы”).
Задзейнічаць на жніве плануюць 296 механізатараў, забяспечанасць кадрамі складае 90 %, запрасіць астатніх збіраюцца з іншых арганізацый.
Створаны небходныя санітарна-бытавыя ўмовы для работнікаў, якія будуць заняты на жніве: ёсць 6 лазняў і 7 душавых, у рамонтных майстэрнях і на збожжасушыльных комплексах абсталяваны пакоі прыёму ежы, альтанкі, работнікі будуць забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем. Вялікую ўвагу нададуць пытанням аховы працы і вытворчай дысцыпліны.
Аб стане спраў пры падрыхтоўцы да жніва ў сваіх гаспадарках расказалі дырэктар КСУП “Дварэц-Агра” Вадзім Царык і намеснік дырэктара КСУП “Жукоўшчына” Сямён Талстыка.
Напрыканцы абмеркавання тэмы старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што адказным спецыялістам раёна трэба надаць максімум увагі этапам падрыхтоўкі, стварыць неабходны рэзерв запасных частак, каб жніво прайшло вынікова і хутка, пакуль спрыяе надвор’е.
Кіраўнік раёна заклікаў удзельнікаў пасяджэння не менш увагі надаць наступнай тэме, бо свініна мае вялікае значэнне ў вытворчасці валавай прадукцыі, дзе займае каля 10,3 %. Па выніках работы за апошнія 5 месяцаў у свінагадоўлі раёна назіраецца зніжэнне паказчыкаў і варта вызначыць шляхі для іх павышэння.
Віталій Шулейка расказаў, што на свінаводчым комплексе “Варакомшчына” ААТ “Граніт-Агра”, адзіным на Дзятлаўшчыне, які займаецца свінагадоўляй, за 5 месяцаў вытворчасць свініны склала 1229 тон – 92,6 % да мінулагодняга ўзроўню. Сярэднясутачныя прывагі – 525 грамаў, што больш, чым у 2020 годзе; пагалоўе – 22 563 галавы. За справаздачны перыяд атрымана 13 220 парасят, што менш, чым летась. Рэалізавана 1248 тон свініны. Рэнтабельнасць вытворчасці за 5 месяцаў па папярэдніх падліках складае 0,3 %. Сярод прычын зніжэння вытворчасці – незахаванне нормаў тэхналагічнага вырошчвання, змяншэнне прыплоду, неналежныя параметры мікраклімату, таму прыспела пытанне паэтапнай рэканструкцыі і мадэрнізацыі памяшканняў свінакомплексу. Летась на гэтыя патрэбы патрачаны 285,7 тысячы рублёў, сёлета мяркуецца патраціць 165 тысяч.
Дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур, выступаючы з тлумачэннямі, паабяцаў, што да канца года гаспадарка выйдзе на планавыя лічбы па вытворчасці свініны.
Кіраўнік раёна прапанаваў вярнуцца да тэмы выканання паказчыкаў у свінагадоўлі на адной з рабочых нарадаў і трымаць яе на далейшым кантролі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga