І няня, і карміцелька, і доктар

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

З’яўленне на свет маленькага “цуда” як у людзей, так і ў жывёл, – заўсёды вельмі значная і радасная падзея як для самой маці, так і для тых, хто дапамагае ёй у гэты важны момант і з’яўляецца правадніком у жыццё для нованароджанага.

Гэтыя людзі знаходзяцца побач і імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб малое з’явілася на свет і ў першыя гадзіны і дні свайго жыцця атрымала неабходны догляд і клопат, было здаровае. Не раз у сваёй працоўнай практыцы прымала роды жывёлавод Людміла Хоміч. Ужо сем гадоў жанчына працуе на малочнатаварнай ферме “Данілавічы” ў ААТ “Граніт-Агра”, апошнія два гады – у радзільным аддзяленні, дзе заўсёды дапамагае дарыць жыццё цялятам, даглядае іх, маленькіх, і акружае цяплом.

Людміла родам з Наваельні, аднак яе дзяцінства прайшло ў Круцілавічах, бо бацькі і бабуля з гэтай вёскі. З самага ранняга ўзросту дзяўчынка дапамагала родным па гаспадарцы. Працы яна не баялася і з энтузіязмам удзельнічала ў хатніх клопатах, будучы падлеткам, ужо магла самастойна падаіць карову. Спачатку маладая дзяўчына вырашыла звязаць сваё жыццё з гандлем і пасля школы паступіла на таваразнаўца ў Карэлічы. Аднак лёс і любоў да жывёл унеслі свае карэктывы ў прафесійны шлях кваліфікаванага прадаўца, рабочыя будні якога пачаліся не за прылаўкам магазіна, а ў свінагадоўчым комплексе “Варакомшчына” ў гаспадарцы “Граніт-Агра”.

Жанчына працавала аператарам машыннага даення на малочнатаварнай ферме “Касцюкi”, потым жывёлаводам па дарошчванні цялят у “Данілавічах”, дзе праз некаторы час атрымала пасаду ў радзільным аддзяленні. Спачатку вельмі хвалявалася, не ўсё атрымлівалася з першага разу, вопыт і разуменне прыйшлі з часам. Работніца фермы прымае расцёлы, сочыць за сухастоем, глядзіць за цялятамі і выпойвае іх малодзівам. Як і ў многіх людзей, чыя прафесійная дзейнасць звязана з клопатам пра жывёл, у жанчыны быў улюбёнец – спакойны, прыгожы, “вогненнай” афарбоўкі бычок Бора, які вылучаўся сярод іншых, заўсёды прыязна і ласкава сустракаў сваю “маці”.

Загадчыца малочнатаварнай фермы “Данілавічы” Наталля Болтач адклікаецца пра Людмілу Хоміч толькі станоўча:

– Хоць праца вельмі адказная і цяжкая, яна спраўляецца з ёй на выдатна. Мы з дырэктарам гаспадаркі Станіславам Мазурам вельмі рады, што зрабілі выбар на карысць Людмілы і не памыліліся. У яе заўсёды добрыя паказчыкі, з усім цяплом і трапятаннем наша працаўніца ставіцца да маленькіх падапечных. Людміла Валер’еўна – прафесіянал сваёй справы, сумленны і прыстойны чалавек, на якога можна спадзявацца як на працы, так і ў жыцці.

Словы Наталлі Васільеўны пацвярджаюць заслужаныя ўзнагароды: падзячныя лісты ад Дзятлаўскага райвыканкама і старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу і асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі, дыплом у намінацыі “Лепшы па прафесіі-2018” ад ААТ “Граніт-Агра”.

Акрамя гэтага, Людміла Хоміч – пастаянная ўдзельніца спартыўных мерапрыемстваў, прызёрка “гаспадарчых” спаборніцтваў па валейболе. Вольны час прысвячае сям’і, стварае хатнюю ўтульнасць для мужа і дваіх дзяцей.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga