На штотыднёвай рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама абмеркаваны тэмы бяспекі жыццядзейнасці, прафілактыкі, работы сельгаспрадпрыемстваў, будаўніцтва, летняга адпачынку школьнікаў і іншыя.
Больш увагі – на захаванасць маёмасці
Як паведаміў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль, на мінулым тыдні зарэгістраваны некалькі крадзяжоў з нежылых дамоў, крадзеж мабільнага тэлефона, спроба зняць грошы з карт-рахунка, у храме аграгарадка Вензавец было разбіта шкло, у рацэ Нёман браканьеры сеткай лавілі рыбу, а ў Дзятлаўскім філіяле КУП “Гроднааблпаліва” скрадзена 90 метраў электракабелю.
Ці спраўныя ў вяскоўцаў печкі?
Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык расказаў, што ў нашым раёне актыўна працуюць аглядавыя камісіі, у тым ліку ў выхадныя дні. На сёння па колькасці абследаваных домаўладанняў катэгараваных грамадзян Дзятлаўшчына сярод лепшых рэгіёнаў вобласці. Штоквартальна абнаўляюцца спісы маючых патрэбу ў рамонце пячнога ацяплення вяскоўцаў, якія адносяцца да неабароненых катэгорый грамадзян. Ім аказваецца дапамога.
Праведзены маніторынг складоў грубых кармоў у сельгаспрадпрыемствах, на захаванасць пажарнай бяспекі правераны культавыя аб’екты Дварэцкага сельсавета. Прафілактычная работа ў раёне прадаўжаецца: асаблівую ўвагу мяркуецца звярнуць на сенасховішчы гаспадарак.
Шыны ёсць, а дзе папера і палімеры?
На нарадзе ў старшыні абмеркавалі і стан работы па нарыхтоўцы другаснай сыравіны арганізацыямі Дзятлаўшчыны. Як стала вядома, на планавыя лічбы выйшлі не ўсе. І калі з нарыхтоўкай шын раён спраўляецца добра, то са здачай паперы, кардону і палімераў ёсць праблемы. Добра справіліся з заданнем Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, ААТ “Новаяльнянскі КХП”, КСУП “Хвінявічы”, Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм, санаторый “Радон”, аддзел унутраных спраў райвыканкама, ваенны камісарыят.
Пакуль неактыўна ўключыліся ў збор другаснай сыравіны ААТ “Дзятлаўскі віна-гарэлачны завод “Алгонь”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, КСУПы “Дварэц”, “Вензавец”, “Войневічы”, “Слава працы”, “Жукоўшчына”, ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” і іншыя.
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі заклікаў кіраўнікоў арганізацый больш увагі надаць рабоце ў гэтым кірунку.
Як летам накосіш, так зімой надоіш
Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка адзначыў, што ў раёне ў фінальную стадыю ўвайшла сяўба агародніны і грэчкі, да 20 мая гаспадаркі раёна павінны справіцца з планавай сяўбой кукурузы.
Наперадзе ў аграрыяў – “зялёнае жніво”. У суботу ў гаспадарках раёна быў праведзены агляд кормаўборачнай тэхнікі. Найлепш тэхніку адрамантавалі і падрыхтавалі да работы на касьбе ААТ “Граніт-Агра”, КСУПы “Войневічы”, “Хвінявічы”, “Жукоўшчына”, філіял “АграМілк”. Найбольш праблемная яна ў КСУП “Дварэц-Агра”.
Што тычыцца вытворчасці малака, то Дзятлаўшчына паступова “наганяе” мінулагоднія лічбы аналагічнага перыяду. Большасць фермаў выйшла на аптымальныя графікі выпасу буйной рагатай жывёлы. Звыш 100 % цяпер доіць КСУП “Хвінявічы”, крыху недацягвае да 100 % КСУП “Жукоўшчына”. Перад гаспадаркамі раёна стаіць задача – да канца мая павысіць вытворчасць малака.
Адрамантуюць лазню і ачышчальныя збудаванні
Як расказаў дырэктар РУП ЖКГ Сяргей Луня, сярод буйных аб’ектаў камунальнай уласнасці, якія мяркуецца адрамантаваць у Дзятлаве – лазнева-аздараўленчы комплекс і гарадскія ачышчальныя збудаванні. Ужо адбылася працэдура выбару праекціроўшчыка рамонтных работ лазневага комплексу: падрыхтоўку праектна-каштарыснай дакументацыі па гэтым аб’екце мяркуецца ажыццяўляць у два этапы. Што тычыцца гарадскіх ачышчальных збудаванняў, то цяпер спецыялісты вызначаюцца з тэхналогіяй, на аснове якой пасля рамонту будзе працаваць гэты аб’ект.
Адпачынак і аздараўленне
Мяркуецца, што сёлета, як і ў папярэднія гады, пры школах раёна будуць працаваць сезонныя летнікі з захаваннем усіх супрацьэпідэміялагічных мер.
Выпускнікоў 11 класаў чакае традыцыйная святочная ўрачыстасць на плошчы ў Дзятлаве, атэстаты ім будуць уручаць на базе навучальных установаў.
Жыхароў нашага раёна збіраюцца запрасіць і на яшчэ адно традыцыйнае свята – раённы фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga