Пра кошты і льготы на лекі

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

З 1 студзеня 2021 года набыў сілу Закон № 72-3 “Аб змяненні падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь”, які адмяніў падатковую льготу ў адносінах да лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў.

Пры гэтым уведзеная стаўка Падатку на дабаўленую вартасць (ПДВ) 10 % па сутнасці сваёй таксама з’яўляецца падатковай ільготай, бо асноўная стаўка ПДВ у Беларусі складае 20 %.

Льготнае падаткаабкладанне прымянялася ў адносінах да лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў, уключаных у пералік, зацверджаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 1 студзеня гэтыя льготы не дзейнічаюць. Заканадаўствам прадугледжана пераходная норма, якая дазваляла рэалізацыю без ПДВ рэшткаў лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў да 1 студзеня 2021 года. Цэны на рэшткі тавараў неабходна прывесці ў адпаведнасць з заканадаўствам (з улікам ПДВ) не пазней за 1 лютага 2021 года. Паступленне новых тавараў у аптэкі будзе ажыццяўляцца па новых коштах, з налічэннем ПДВ 10 %.

Як гэта адлюструецца на рабоце аптэк? Якія льготы прадоўжаць дзейнічаць? Высвятляем у загадчыцы аптэкі № 55 горада Дзятлава Лідзіі Баравік.

– У аптэках Гродзенскага РУП “Фармацыя” паэтапна праводзіцца пераацэнка нерэалізаваных рэшткаў лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў згодна з нарматыўнай дакументацыяй. З мэтай даступнасці лекавай дапамогі насельніцтву дадзеная пераацэнка будзе праводзіцца без закрыцця аптэк, – адзначыла Лідзія Віктараўна.

З іншага боку, у некаторых аптэках РУП “Фармацыя” прадугледжаны і застаюцца скідкі ад рознічнага кошту на лекавыя сродкі і медыцынскія тавары беларускай вытворчасці для асобных катэгорый грамадзян.

У аптэцы № 55 горада Дзятлава дзейнічае скідка 5 % на беларускія тавары для наступных катэгорый грамадзян:

* інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і асобы, прыроўненыя да іх па льготах (скідка – па адпаведным пасведчанні);

* інваліды 1, 2, 3 групы; дзеці-інваліды (пасведчанне інваліда);

* пенсіянеры (пенсійнае пасведчанне);

* грамадзяне, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (пасведчанне пацярпелага);

* цяжарныя жанчыны (даведка аб пастаноўцы на ўлік у жаночай кансультацыі);

* шматдзетныя сем’і (пашпарт маці ці бацькі або пасведчанне шматдзетнай сям’і);

* дзеці да трох гадоў (пашпарт маці (бацькі)).

Акрамя таго, ва ўсіх дзяржаўных аптэках прад’яўнікам картак “Для медыцынскага абслугоўвання” (зялёная картка электроннага рэцэпта) прадастаўляюцца скідкі на лекавыя сродкі (да 2 %), дзейнічае праграма лаяльнасці “Моцная картка”, растэрміноўка па картцы “Халва”.

Такім чынам, ужо з 1 лютага дзятлаўчане будуць набываць лекавыя сродкі і медыцынскія вырабы ў аптэках па новых коштах, з улікам ПДВ 10 %. Аднак ёсць шэраг магчымасцяў набыць лекавыя сродкі і медыцынскія вырабы танней. Скарыстайцеся імі правільна.

Наталля АВЯРЧУК