Ад штодзённай працы – да станоўчых вынікаў

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу сельскагаспадарчай сферы

На базе ААТ “Граніт-Агра” адбыўся семінар-нарада па падвядзенні вынікаў работы галіны жывёлагадоўлі за дзевяць месяцаў бягучага года. У раённым семінары прынялі ўдзел кіраўнікі і спецыялісты сельскагаспадарчых арганізацый раёна, кіраўнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама, спецыялісты зоаветэрынарных службаў.

Адным з важных пытанняў парадку дня семінара-нарады стала ўзнагароджанне пераможцаў раённага агляду-конкурсу на лепшы аб’ект вытворчага прызначэння сельскагаспадарчых арганізацый па стварэнні здаровых і бяспечных умоў працы, які быў абвешчаны ў чэрвені бягучага года Дзятлаўскім раённым камітэтам прафсаюза работнікаў АПК сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама.

Падвядзенне вынікаў конкурсу праводзілася раённай камісіяй у пяці намінацыях па шасці параметрах: абгароджанасць сельскагаспадарчых аб’ектаў і тэрыторый, стан падведамасных тэрыторый, стан аб’екта, санітарна-бытавых умоў, пад’язных шляхоў, бяспечныя ўмовы працы.

 

У намінацыі “Лепшая малочнатаварная ферма з даільнай залай” з нязначным адрывам пераможцай стала малочнатаварная ферма “Парэчча-777” КСУП “Хвінявічы”. У гэтай намінацыі адзначаны таксама малочнатаварныя фермы “Касцюкі” і “Таркачы” ААТ “Граніт-Агра” і малочнатаварная ферма “Ёцавічы”  КСУП “Войневічы”.

У намінацыі “Лепшая малочнатаварная ферма з малакаправодам” перамогу атрымала МТФ “Круцілавічы” ААТ “Граніт-Агра”. Лепшымі таксама прызнаны МТФ “Парэчча” КСУП  “Хвінявічы”, МТФ “Еленка” і МТФ “Данілавічы” ААТ “Граніт-Агра”.

У намінацыі “Лепшая ферма па адкорме” перамогу атрымала ферма “Нагародавічы” КСУП “Жукоўшчына”. З лепшага боку адзначаны таксама ферма “Руда Яварская” КСУП “Хвінявічы” і ферма “Мяляхавічы” КСУП “Белагурна”.

У намінацыі “Лепшы машынны двор” пераможцам прызнаны мехдвор “Круцілавічы” ААТ “Граніт-Агра”. З лепшага боку ў гэтай намінацыі адзначаны таксама мехдвор у Вензаўцы КСУП “Вензавец” і мехдвор у Таркачах ААТ “Граніт-Агра”.

У намінацыі “Лепшае зернесховішча” пераможцам прызнана зернесховішча ў Таркачах ААТ “Граніт-Агра”. Станоўча адзначаны зернесклад у Круцілавічах ААТ “Граніт-Агра” і зернесклад у Вензаўцы КСУП “Вензавец”, а таксама зернесховішча ў Дварцы КСУП “Дварэц-Агра”.

Пераможцы конкурсу атрымалі дыпломы і наборы бытавой тэхнікі для пакояў прыёму ежы. Падарункі ім уручылі начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Бабіна і старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак.

Падзякай Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК за ўмацаванне сацыяльнага партнёрства і стварэнне годных санітарна-бытавых умоў у бягучым годзе ўзнагароджаны дырэктар КСУП “Войневічы” Сяргей Францішчык.

Да друку падрыхтавала Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ