Плюс два аўтобусы, або У школу – з камфортам

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Бацькі вясковых дзяцей у нашай краіне ведаюць, што нават за адным вучнем ці выхаванцам дзіцячага садка ў аддаленую вёску прыедзе школьны аўтобус.

А яшчэ гадоў пятнаццаць-дваццаць назад аб такім клопаце дзяржавы сельскія дзеці маглі толькі марыць, дабіраючыся да ўстановы пешшу ці на веласіпедах, і не адзін кіламетр.

Як у наш час гэтыя пытанні вырашаюцца на Дзятлаўшчыне, расказала кіраўнік структурнага падраздзялення райвыканкама – начальнік аддзела адукацыі Наталля Белаус:

– У наш час перад сістэмай адукацыі стаіць важная задача – стварыць роўныя ўмовы для атрымання непаўналетнімі якаснай адукацыі. Важным аспектам у вырашэнні гэтай задачы ва ўмовах аптымізацыі сеткі ўстановаў адукацыі з’яўляецца арганізацыя падвозу дзяцей з самых аддаленых населеных пунктаў да месца навучання і назад. Падвоз арганізоўваецца згодна з нарматыўнымі дакументамі, якія дзейнічаюць у нашай краіне. Для забеспячэння падвозу ў раёне прынята адпаведнае рашэнне Дзятлаўскага райвыканкама. Маршруты перавозкі дзяцей зацверджаны камісіяй па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху, якая працуе пры райвыканкаме.

Згодна са спісамі, якія прадаставілі ўстановы, у аддзеле адукацыі створаны агульны банк навучэнцаў, якія маюць патрэбу ў падвозе, абагульнена інфармацыя аб часе падвозу і адвозу дзяцей, пачатку і заканчэнні заняткаў. На сённяшні дзень падвозам ахоплены 442 навучэнцы, сярод якіх 75 – гэта дзеці дашкольнага ўзросту, 13 – дзеці-інваліды.

На Дзятлаўшчыне перавозку дзяцей ажыццяўляе Дзятлаўскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці ўстановаў сферы адукацыі. У 2020 годзе для гэтай арганізацыі за кошт сродкаў раённага бюджэту былі набыты дзве новыя адзінкі тэхнікі. Аўтобусны парк цэнтра летась папоўніўся спецыяльна абсталяваным мікрааўтобусам на 11 пасадачных месцаў для падвозу дзяцей-інвалідаў у Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. На яго было патрачана 78 тысяч рублёў. Яшчэ адзін школьны аўтобус на 23 пасадачныя месцы набыты напрыканцы 2020 года, дзякуючы сродкам у памеры 90 тысяч рублёў, выдзеленым Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэтам. Падлічваем: толькі летась на новую тэхніку выдзелена 168 тысяч бюджэтных грошай. Усяго за 2016-2020 гады для падвозу дзяцей набыта 5 адзінак тэхнікі.

Пры неабходнасці прымаюцца меры па ўнясенні карэктыў у графікі падвозу дзяцей. Па словах Наталлі Сяргееўны, новая тэхніка дапаможа аптымізаваць падвоз навучэнцаў. Дзеці менш часу будуць праводзіць у дарозе, ад’езд з дому будзе пазнейшым, значыць, хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць даўжэй паспаць, а таксама павысяцца бяспека і камфорт у час паездак навучэнцаў рознага ўзросту і катэгорый.

Як расказаў тэхнік-механік Уладзімір Кірпічэнка, у Дзятлаўскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці ўстановаў сферы адукацыі цяпер на балансе 12 аўтобусаў для падвозу навучэнцаў. Юных пасажыраў дастаўляюць з 75 населеных пунктаў Дзятлаўшчыны ў 20 навучальных устаноў раёна, сярод якіх 10 знаходзяцца ў сельскай мясцовасці.

Дзятлаўчане ўжо прывыклі бачыць на вуліцах райцэнтра, вёсак сонечна-жоўтыя школьныя аўтобусы, якія вязуць дзятву па веды. Цікава было пачуць ад спецыяліста яшчэ некалькі лічбаў, якія характарызуюць гэту працавітую тэхніку. Як аказалася, звычайна ў аўтобусе знаходзяцца 22 дзіцяці і дарослы, які іх суправаджае. Ранкам на маршрут вадзіцелі выязджаюць каля 6.40 гадзін (некаторыя – раней), а вяртаюцца ў парк а 18 гадзіне. За дзень адзін “жоўты працаўнік” перавозіць да 40 хлопчыкаў і дзяўчынак і “прабягае” ад 120 да 250 кіламетраў. “Сярэдні ўзрост” школьных аўтобусаў звычайна меншы за 10 гадоў, значная іх колькасць яшчэ навейшая – да пяці гадоў. Аднак ёсць патрэба ў замене яшчэ дзвюх адзінак тэхнікі.

Цікаўлюся ва Уладзіміра Кірпічэнкі, як у аўтобусную “сям’ю” прынялі нядаўна набыты ПАЗ-32053-70?

– Цяпер мы распрацоўваем для новага школьнага аўтобуса маршрут № 12, – уводзіць у курс спраў Уладзімір Іванавіч. – Плануем, што з 1 лютага 2021 года аўтобус ужо пачне перавозіць юных жыхароў раёна. Дзятву ён будзе дастаўляць у Вензавецкі дзіцячы сад-сярэднюю школу, сярэднія школы № 1 і № 3 горада Дзятлава, а таксама ў яслі-сад № 1 і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 г.Дзятлава.

Новы аўтобус замацавалі за вадзіцелем нашага цэнтра Уладзімірам Ламакам. У гэтага работніка значны вадзіцельскі стаж.

Сам Уладзімір Уладзіміравіч новай тэхніцы вельмі рады, з задавальненнем запрашае ў салон аўтобуса, дзе з пасажырскіх сядзенняў яшчэ нават не зняты поліэтыленавыя пакеты.

– Вадзіцелем я працую шмат гадоў, – успамінае свой працоўны шлях Уладзімір Ламака. – Вадзіў тэхніку яшчэ ў колішнім Казлоўшчынскім прафесійна-тэхнічным ліцэі, сем гадоў вазіў работнікаў КСУП “Слава працы”, летась прыйшоў сюды вазіць дзяцей. З вопыту магу сказаць, што бяспецы юных пасажыраў надаецца асаблівая ўвага. Неаднаразова тлумачым дзецям, як правільна паводзіць сябе ў час руху аўтобуса. Цяпер распрацоўваецца маршрут, на якім я буду заняты з лютага. У агульнай складанасці за дзень кіламетраў 120 дарогі. Чакаю пашпарт маршрута.

Мікрааўтобус быў набыты крыху раней. Таму з пачатку 2020-2021 навучальнага года ён ужо ажыццяўляе падвоз дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Навінку паспеў ацаніць педкалектыў Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

– Пасля таго, як скончыўся тэрмін эксплуатацыі ранейшага мікрааўтобуса, нашым выхаванцам даводзілася ездзіць з астатнімі вучнямі раёна на вялікіх аўтобусах, таму спецтранспарт быў проста неабходны, – зазначае дырэктар установы Марына Гуговіч. – Яго набыццё дазволіла вырашыць задачу стварэння безбар’ернага асяроддзя для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарата. Сёння мікрааўтобус прывозіць з Казлоўшчыны, Наваельні, Раклевічаў, Самойлаўшчыны, Белагурна, горада Дзятлава да нас 13 навучэнцаў, што складае 100 % ад патрэбы. Новы транспартны сродак абсталяваны высоўнымі прыступкамі, поручнямі, пад’ёмнікам, яго пасажырскія сядзенні вельмі зручныя і маюць рамні бяспекі, што асабліва актуальна для дзяцей з парушэннямі каардынацыі руху. Вадзіцелем на нашым маршруце працуе Пётр Ёдчык. Дзяцей абавязкова суправаджаюць нашы работнікі: дапамагаюць зайсці ў салон, выйсці з яго, прышпіліцца, сочаць каб ўсім маленькім пасажырам было камфортна ў дарозе. Салон мікрааўтобуса невялікі, затое цёплы і зручны. Нашы дзеткі камфорт ужо ацанілі.

Ірына СТЫРНІК