На кірмаш – па сезонную прадукцыю. Наваельня

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

8 кастрычніка на Дзятлаўшчыне сельскагаспадарчыя кірмашы прайшлі ў Казлоўшчыне, Наваельні і Гезгалах.

У гэтых жа населеных пунктах яны пройдуць ужо праз тыдзень 15 кастрычніка, а 22 – бузе вялікі кірмаш у Дзятлаве.

Надвор’е спрыяла, таму людзі мелі магчымасць набыць неабходную сезонную прадукцыю і, не спяшаючыся, пацікавіцца, што яшчэ прадаюць-прапаноўваюць.

У гарпасёлку Наваельня, як і ў мінулую суботу ў Дзятлаве, попытам карысталася зерне, асабліва пшаніца, добра набывалі бульбу, цыбулю, моркву, капусту, буракі і саджанцы.

Адразу дзве машыны, а гэта 8 тон ячменю і трыцікале, прывезлі з ААТ “Граніт-Агра”. Прадукцыя гаспадаркі разыходзілася літаральна на вачах.

Пастаянна стаялі пакупнікі і каля машыны ААТ “Дварэц-Агра”. Як расказаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Сачык, іх прапанова – каля 5 тон зерня, а таксама бульба. З самага ранку разабралі 2 тоны пшаніцы, поўнасцю забралі проса і зрабілі на яго папярэдні заказ на наступную суботу. Някепска бяруць трыцікале, а вось бульба лепш прадавалася летась. Гаспадарка абяцае новаяльнянцам, што ў наступную суботу пшаніцы будзе больш, прывязуць і проса, адным словам, пажаданні пакупнікоў улічаць.

Уражаннямі падзяліліся і самі жыхары гарадскога пасёлка.

Віктар Бялятка:

– Прыехалі пераважна па зерне, набылі 7 мяхоў – гэта трыцікале, ячмень, пшаніца. Зараз з гаспадыняй пойдзем выбіраць агародніну – моркву і часнок. Кірмаш добры. Мы прыехалі зранку, таму ўсё паспяваем, чэргі невялікія. Будзем і ў наступны раз.

Таццяна Васільева:

– Набылі 2 мяхі зерня – гэта для сваякоў, у іх куры, а мы дапамагаем з дастаўкай. Сабе купілі морквы і цыбулі. Кірмаш падабаецца, але зерне вельмі хутка расхопліваюць, хацелася б больш пшаніцы, бо нам дасталося трыцікале. Няма сёння і жывой рыбы, на якую разлічвалі. На наступным тыдні хацелася б большы выбар. Абавязкова прыйдзем па пакупкі.

Сваё меркаванне выказала і старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч, якая таксама была на кірмашы і цікавілася ў гарпасялкоўцаў іх патрэбамі:

– Сёлета, я заўважыла, што хапае бульбы. Увогуле ж, цудоўна, што ў наступную суботу сельскагаспадарчы кірмаш будзе ў нас працаваць зноў. Хто чаго не набыў на гэты раз, зможа дакупіць усё неабходнае. На жаль, не было жывой рыбы, хаця мы запрашалі гандляроў з рыбных гаспадарак, але пачаўся сезон кірмашоў, і ў людзей не супаў графік. Затое 15 кастрычніка паабяцалі прыехаць адразу некалькі гаспадарак з жывой рыбай, будзем спадзявацца, што сваё абяцанне яны выканаюць. Чакаецца і большы выбар агародніны: “падцягнуцца” і мясцовыя вытворцы, і гандляры са Століншчыны. Цікавіліся новаяльнянцы і насеннем рапсу, але яго чамусьці ніхто не прывозіць. Затое парадавалі памяркоўныя цэны: бульбу можна было набыць ад 50 капеек за кілаграм, а раней на рынку толькі па 80-90 – розніца адчувальная. Увогуле, людзі ідуць па пакупкі актыўна. Будзем чакаць наступнай суботы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga