Вячоркі з народнымі ўмельцамі ў Дзятлаве

Важнае Культура і адпачынак

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшлі фальклорныя вячоркі з народнымі ўмельцамі — удзельнікамі клуба “Нам гады – не бяда” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Супрацоўнікі музея запрасілі прысутных успомніць пра старадаўні звычай нашага народа – вячоркі, якія ў кожнай вёсцы ладзіліся па-свойму. Маладыя людзі збіраліся, каб паказаць сябе, на іншых паглядзець, перакінуцца прыпеўкай, паспаборнічаць у пацехах ды забавах.

Пачаліся музейныя вячоркі з песні, бо і раней людзі і ў бядзе, і ў радасці, і на працы выконвалі розныя песні.

На музейных вячорках спявалі Ганна Харлінская і Іна Юганава.

Любіў наш народ прыдумваць і расказваць небыліцы і дражнілкі, спяваць прыпеўкі, гуляць у гульні, якія былі не проста забавай, але і навучаннем. Таксама на вячорках нашы продкі загадвалі адзін аднаму загадкі, расказвалі прыказкі. Таму і на вячорках у музеі прысутным прапанавалі ўспомніць розныя жанры фальклору.

На вячоркі ў музей прадстаўнікі клуба “Нам гады – не бяда” прыйшлі не з пустымі рукамі. Кожны прынёс з сабой сваё захапленне, паказаўшы праз афармленыя тэматычныя пляцоўкі:

“Дары зямелькі маёй роднай” ад Ірыны Іванаўны Варабей, “Кветкавая палянка” ад Любові Іванаўны Ёда і Валянціны Фёдараўны Яхімовіч, “Я люблю Беларусь” ад Анастасіі Аляксандраўны Капцеўскай, “Клубочак віўся, віўся і шыкоўны ўзор атрымаўся” ад Ядвігі Міхайлаўны Гушча, “Любімая справа” ад Алы Іванаўны Кучынскай. Прыемна і цікава было паслухаць гэтых прыгожых жанчын пра іх любімую справу.

Закончыліся вячоркі чаяпіццем.

Вольга ЦЮШЛЯЕВА,
дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup